Дзіку – зерне, казулі – букет

Іменна цяпер, калі выпала шмат снегу і прыціснулі маразы, лясным жыхарам вельмі дарэчы дапамога чалавека. ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, які мае сваю паляўнічую гаспадарку, як найлепш падрыхтаваўся да зімоўкі: закуплены сакавітыя кармы і канцэнтраты, а егеры навязалі “букетаў” з духмяных лясных траў, нарыхтавалі сена.

Цяпер Ігар Грамак, Віктар Патапчык, Юрый Рацэвіч і Леанід Віктаровіч сочаць за парадкам на сваіх участках і за ляснымі насельнікамі. А тыя часцяком выходзяць на кормапляцоўкі: дзікам даспадобы буракі і зерне, а казулі любяць паласавацца гаючымі траўкамі ды духмяным сенам, з’есці драбок солі.

Гэтымі днямі на ўгоддзях лясгаса дазволена паляванне з вышак на дзікоў. Як расказаў дырэктар ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” Міхаіл Свістун, за месяц паляўнічыя ўжо выкупілі пуцёвак на 2,5 мільёна рублёў.

Дарэчы, у першай дэкадзе лютага лясгас плануе адкрыць дзве турыстычныя “экалагічныя сцежкі” (у Савейках і Нетчыне), а ў Мыслабажы – домік для паляўнічых – нешта накшталт турыстычнай базы. Гэта будзе цудоўная магчымасць прымаць у сябе паляўнічых, турыстаў, усіх, хто пажадае адпачыць на прыродзе. Домік, разлічаны на 4 нумары,— першы на маршруце. І, калі справа акажацца прыбытковай, то, па словах дырэктара лясгаса, такіх будзе пабудавана некалькі.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *