Раўненне на падворак Гатоўчыцаў

Сёлетні конкурс на лепшае сялянскае падвор’е сярод маладых сем’яў, ініцыіраваны аддзелам па справах моладзі райвыканкама, – юбілейны, пяты па ліку.
Як і ў мінулыя гады, галоўнымі крытэрыямі пры вызначэнні пераможцаў і прызёраў сталі выкананне санітарна-гігіенічных нормаў і патрабаванняў па ўтрыманні падворкаў, актыўны ўдзел гаспадароў у грамадскім і культурным жыцці вёскі ці аграгарадка, арыгінальнасць у афармленні дома і падворка, стварэнне належных умоў для ўсебаковага развіцця дзяцей, захаванне працоўнай дысцыпліны на рабочым месцы.
Спецыяльная камісія знаёмілася з удзельнікамі конкурсу непасрэдна па месцы іх пражывання, дасканала вывучала, як вядзецца гаспадарка. Абавязкова ўлічвалася характарыстыка членаў сям’і з месца іх асноўнай работы. У фінальную частку спаборніцтваў выйшлі тры сям’і з Крывошынскага, Навасёлкаўскага і Начаўскага сельсаветаў.
Сяргей і Алена Баранчыкі жывуць у аграгарадку Навасёлкаўскім. Яны ўсюды разам, дружна бяруцца за любую справу, з энтузіязмам і жаданнем займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол дома і ў двары. Якіх толькі кветак у іх няма!
Двор Аляксандра і Ганны Юнікаў з вёскі Гаслаўшчына — нібы карцінка, узор добраўпарадкавання і эстэтыкі. А прозвішча гаспадара сядзібы Аляксандра Юніка з СВК “Ляхавіцкі” заўсёды на Дошцы гонару сярод лепшых камбайнераў на жніве. Без Аляксандра і Ганны не абыхо-дзіцца ні адно цікавае мерапрыемства, якое праводзіцца ў аграгарадку Русінавіцкім.
Віктар Гатоўчыц працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, яго жонка Марына – настаўніца Ліпскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Маладая сям’я трывала замацавалася ў аграгарадку Ліпскім. Зазірніце ў іх двор і зразумееце: тут жывуць зацікаўленыя, творчыя людзі з багатай фантазіяй. Для дзяцей гаспадары зрабілі самы сапраўдны спартыўны гарадок, вакол якога кампактна размясціліся гульнёвыя пляцоўкі. Увогуле, здаровы лад жыцця для сям’і Гатоўчыцаў – неад’емная частка іх быту. Віктар – пераможца спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы рэспубліканскага таварыства “Дынама”. Ён таксама адзначаны падзячным пісьмом райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу па ахове і абароне жыцця і здароўя людзей ад надзвычайных сітуацый.
Па выніках конкурсу пераможцай прызнана сям’я Гатоўчыцаў, на другім і трэцім месцах адпаведна сем’і Юнік і Баранчык.
У хуткім часе Віктар і Марына Гатоўчыцы прымуць удзел у аналагічным абласным конкурсе. А фіналісты раённага конкурсу будуць узнагароджаны падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
Алег ТРАЦЦЯК, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *