Пераемнасць пакаленняў дзеля будучыні краіны. Насустрач Усебеларускаму народнаму сходу


Адна са значных грамадска-палітычных падзей, што адбудзецца ў Беларусі ў бліжэйшы час, – другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу, якое пройдзе 18–19 снежня ў Мінску.
Канешне, буду сачыць за форумам, дзе вырашаецца стратэгія развіцця Беларусі і прымаюцца важныя для кожнага жыхара краіны законапраекты.
Сярод дэлегатаў УНС і прадстаўнікі Ляхавіччыны, якія на працягу года праводзяць сустрэчы з землякамі, выступаюць перад працоўнымі калектывамі, моладдзю, не забываюць і пра нас, ветэранаў працы.
І падчас такіх сустрэч гучаць наказы дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.
Для нас, прадстаўнікоў старэйшага пакалення, вельмі важна, каб была захавана пераемнасць, каб вопыт, веды, мудрасць людзей, якія прайшлі насычаны падзеямі жыццёвы шлях, перадаваліся моладзі і былі ў яе запатрабаванымі. Упэўнена, гэта дапаможа фарміраваць, умацоўваць грамадзянскую, патрыятычную, нацыянальную, сямейную свядомасць беларусаў і рухацца наперад да шчаслівай будучыні ў мірнай дзяржаве.
Ветэраны – людзі, якія стваралі краіну і сёння прадаўжаюць слаўныя традыцыі, і мы актыўна працуем і ўзаемадзейнічаем з моладдзю. Трэба разам расказваць юнакам і дзяўчатам, якія ўступаюць у дарослае жыццё, пра гісторыю, традыцыі беларускага народа, каб назаўжды захаваць памяць пра здабыткі старэйшых пакаленняў, пра іспыты і ахвяры, якія выпалі на долю нашых продкаў. Вось чаму важна і на самым высокім форуме, якім з’яўляецца УНС, зноў і зноў уздымаць ідэю захавання міру. Яшчэ адзін наказ дэлегатам – захоўваць інтарэсы людзей старэйшага ўзросту, якія з’яўляюцца носьбітам гістарычнай памяці.
Аляксандра МАТЧЭНЯ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.
Фота з сайта https://vns.gov.by

