ААТ «Жарабковічы». Мадэрнізацыя як стыль жыцця
ААТ «Жарабковічы» – адно з тых сельгас-прадпрыемстваў, дзе любоў да роднай зямлі і прафесіяналізм злучаюцца разам, ствараючы аснову дабрабыту не толькі сваіх працаўнікоў, а ў многім і раёна.

– Каб прадпрыемства развівалася стабільна і павышаўся дабрабыт людзей, стараемся ісці ў нагу з часам. Вялікую ўвагу надаём выкарыс-
танню ў вытворчых працэсах інавацыйных аграрных распрацовак і ўкараненню перадавых тэхналогій, абнаўленню машынна-трактарнага парка, выкананню агратэхнічных патрабаванняў і тэхнічных рэгламентаў, – падкрэслівае дырэктар ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік.
Лічбы пацвярджаюць правільнасць выбранага шляху і дэманструюць высокую эфектыўнасць вытворчасці. Валавы надой малака за 10 месяцаў бягучага года дасягнуў 19 тысяч тон, што значна перавышае леташнія паказчыкі. Калі летась надой на карову быў 6 533 кілаграмы, то па выніках сёлетніх 10 месяцаў рубеж практычна дасягнуты, і на канец года тут плануюць перасягнуць 7 500 кілаграмаў.
– Малако – наша белае золата, рэалізацыя якога прыносіць гаспадарцы 2,5 мільёна рублёў у месяц. За студзень –
кастрычнік гатункам экстра ў сярэднім прадалі больш
за 81 працэнт малака. За апошнія пяць гадоў гадавы малочны вал павялічыўся амаль на 1 700 тон, а малочныя рэкі за пяцігодку перавысілі 111 800 тон.
Сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 744 грамы, і гэта плюс 123 грамы да ўзроўню 2020 года, – уводзіць у курс справы кіраўнік ААТ.
Сярод лідараў па надоях – МТК «Падлессе» пад кіраўніцтвам брыгадзіра Вячаслава Бойкі. Сёння на МТК у дзень ад кожнай рагулі атрымліваюць не менш за 25 літраў малака. За 10 месяцаў аператар машыннага даення Вераніка Зайцава надаіла на адну карову 7 035 кілаграмаў малака. Добрасумленна і адказна падыходзяць да справы і яе калегі Таццяна Халопіца, Валянціна Лойка, Ганна Ржэуцкая, Наталля Касцюк і Марыяна Янковіч. Вячаслаў Бойка перакананы, што з калектывам «Падлесся» – а гэта 24 чалавекі – любая задача вырашальная. Адметнасць жывёлагадоўчага аб’екта і ў яго музычным ухіле – каровы дояцца ў музычным суправаджэнні. На комплексе парадак і тэхналагічнасць, а яшчэ ўмовы для работнікаў – камфортныя і зручныя. Галоўны ветурач Міхаіл Дамашэвіч падкрэслівае, што шчырых слоў удзячнасці за працу заслугоўваюць і калектывы іншых МТК і фермаў, дзе таксама дастойныя надоі.
Сёлета ў ААТ важкі і каравай – бункерны збор збожжавых і зернебабовых склаў больш за 23 тысячы тон. І гэта на 1 552 тоны
больш аналагічнага леташняга паказчыка. Дарэчы прыгадаць і сёлетні намалот амаль 2 500 тон алейнага насення рапсу.
Цэх па вырабе рапсавага алею – выгадная фішка ААТ, якая таксама напаўняе кашалёк прадпрыемства. Рапсавы алей рэалізуюць беларускім прадпрыемствам харчовай прамысловасці і ў поўным аб’ёме забяспечаны высакаякасным бялком для корму жывёлы.
Днямі выканалі дзяржзаказ па цукровых бураках, ураджайнасць якіх склала 502 цэнтнеры з гектара. І гэта плюс 100 цэнтнераў з гектара да ўзроўню 2020 года.
«Жарабковічы» такія ва ўсіх сферах дзейнасці – грунтоўныя, нераўнадушныя і максі-мальныя. Калі рабіць, то са знакам якасці. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Новік падкрэслівае, што паказчыкі прадпрыемства – вынік каманднай працы, дзе кожны адчувае асабістую адказнасць за агульную справу.
Сярод прафесіяналаў – намеснік дырэктара Дзмітрый Козел,
начальнік службы капітальнага будаўніцтва Леанід Варвашэвіч, галоўны аграном Яўгеній Цярпіцкі, галоўны заатэхнік Адам Гарыбян, начальнік цэха раслінаводства Сяргей Каляда і іншыя.
Яскравы паказчык руху наперад – будоўля. Начальнік службы капітальнага будаўніцтва Леанід Варвашэвіч пералічвае
зробленае за апошнія два гады і падводзіць вынікі пяцігодкі. І яны маштабныя: у строй уведзены восем новых аб’ектаў, рэканструяваны і адрамантаваны шматлікія памяшканні фермаў, зернясховішчаў і г. д.
Сёння ААТ нагадвае суцэльную будаўнічую пляцоўку, на якой памяшканні і будынкі набываюць новае жыццё.
Сёлета на абласных «Дажынках» прозвішчы працаўнікоў «Жарабковічаў» не раз гучалі са сцэны. Сярод маладых камбайнераў пераможцам прызнаны Уладзімір Баўтрукевіч, трэцяе месца сярод камбайнераў у Віктара Клемяні. Бронзавым прызёрам сярод маладых вадзіцеляў стаў Уладзіслаў Бурак. Ганаровае другое месца па выніках уборачнай-2025 заваяваў галоўны інжынер Міхаіл Пятроўскі. Жыццярадасны і ў той жа час сур’ёзны, калі справа датычыць службовых абавязкаў, ён ведае, як арганізаваць працоўны працэс без збояў і вымушаных прыпынкаў. У адной звязцы працуе з інжынерам-механікам Георгіем Жуком. Машынна-трактарны парк ААТ – унушальны, а за апошнія два гады папоўніўся 36 адзінкамі тэхнікі, на якіх шчыруюць вопытныя вадзіцелі. Сярод такіх Дзмітрый Русакевіч, які сёлета атрымаў новы ГАЗ-53 і ўжо накруціў нямала кіламетраў. Узор для іншых і вадзіцель Аляксандр Сокал, не саступае калегам Сяргей Чарняк.
У ліку лепшых і механізатар Ігар Васілевіч, які на жніве паказ-
вае майстар-клас на камбайне, а пасля на «ДжонДзіры». З лютага працуе ветурачом на МТК «Зарытава» малады спецыяліст Арцём Чабатар і паспеў зарэкамендаваць сябе і на вытворчасці, і на ваенных зборах, куды прызываўся ў кастрычніку, і пасля гаспадарка атрымала падзяку. Аграном-хімік Сяргей Сергіеня пачынаў некалі слеса-
рам, працаваў на камбайне і трактары, а сёння ён аўтарытэтны спецыяліст, ад якога, у тым ліку, залежыць жарабковіцкі каравай.
«Жарабковічы» – прадпрыемства, якое для некаторых працаўнікоў стала справай сямейнай. Так, у Алены і Сяргея Панічавых тут працуюць і іх дочкі Анастасія і Ірына. Аграном-хімік Сяргей Сергіеня шчыруе поплеч з братам Аляксандрам, які тут на пасадзе прараба. Тут жа і іх сёстры Святлана і Таццяна. Амаль 30 гадоў працуе інспектар па кадрах Ірына Жук, якая ведае пра ўсе працоўныя здабыткі калег і кожнага паважліва называе з імем па бацьку.
Калектыў ААТ – пяць сотняў чалавек, каля 70 з якіх да 31 года.Сярод іх і малады спецыяліст – эканаміст па адукацыі Аліна Мацвеева. Сама з Гомельшчыны, але вельмі падабаецца ёй у «Жарабковічах». Гаспадарка аплачвае арэнду кватэры, ды і зарплата дастойная. Начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, юрыдычных, кадравых і сацыяльных пытаннях Святлана Новік дзеліцца, што на прадпрыемстве для працаўнікоў прадугледжаны адметны сацпакет. Шануюць тут і ветэранаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
















