СВК «Ляхавіцкі». Майстар-клас ад «Ляхавіцкага»


2025-ы для аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны – СВК «Ляхавіцкі» – звычайны, працоўны. Але мае нямала вытворчых здабыткаў, абновак і прыемных падзей.

– З гонарам і ў той жа час з пэўным хваляваннем успрынялі навіну, што раённы фестываль-кірмаш «Дажынкі-2025» пройдзе ў аграгарадку Русінавічы. Усведамлялі, неабходна прыкласці ўсе намаганні і нават звыш таго, каб дастойна сустрэць герояў хлебнай нівы і гасцей свята. Важна, што паўсядзённа і ва ўсім была адчувальная падтрымка з боку раённай улады, дэпутацкага корпуса, іншых прадпрыемстваў і арганізацый, землякоў – талакой усё атрымалася. А колькі абновак атрымала сталіца раённых «Дажынак»! Яны яшчэ доўга будуць упрыгожваць Русінавічы на радасць тутэйшым жыхарам. Асаблівы дзякуй работнікам гаспадаркі, аграгараджанам, якія плённа папрацавалі на добраўпарадкаванні не толькі сваіх падворкаў, але і грамадскіх месцаў, – дзеліцца старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
У графіку разнастайных візітаў прадстаўнікоў вышэйшых органаў улады краіны і вобласці, семінараў СВК «Ляхавіцкі» – як станоўчы вопыт гаспадарання. Вось і сёлета старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы, які пабываў тут у красавіку, адзначыў высокі ўзровень арганізацыі вытворчасці, дакладнае выкананне тэхналогій і рацыёну харчавання жывёлы, дысцыпліну і зацікаўленасць работнікаў.
Увогуле бягучая пяцігодка для «Ляхавіцкага» адметная, усё зробленае за гэты час – інвестыцыі ў будучыню. А яна ў гэтага сельгаспрадпрыемства пры такіх дбайных працаўніках і прадбачлівым кіраўніцтве – перспектыўная. Вось толькі самыя значныя дасягненні, пра якія красамоўна гавораць лічбы.
У гаспадарцы мэтанакіравана вядзецца работа па павелічэнні статка буйной рагатай жывёлы: з 3 616 напачатку пяцігодкі колькасць БРЖ узрасла да 4 308 сёлета. Тычыцца гэта і малочнага статка – з 1 000 да 1 265 адпаведна.

Павелічэнне пагалоўя плюс новыя тэхналогіі, якасная кармавая база, створаныя больш камфортныя ўмовы для жывёлы паўплывалі
і на вытворчасць малака. Калі ў 2021 годзе ў гаспадарцы надоена
8 586 тон малака, то сёлета за 10 месяцаў – 10 283 тоны.

А 2024 год стаў самым паспяховым па надоях малака ад кожнай каровы – 9 217 кілаграмаў. І ёсць усе падставы меркаваць, што леташні рэкорд будзе сёлета пераўзыдзены: за 9 месяцаў 2025 года надоена ад кожнай сярэднестатыстычнай рагулі 7 207 тон. Добра прыбавіў «Ляхавіцкі» і па продажы малака гатункам экстра (плюс 4,3 працэнта, і цяпер гэта 96,3 працэнта).
Каторы год запар «Ляхавіцкі» – уладальнік пераходных Ганаровых сцягоў за дасягненне высокіх паказчыкаў па рэалізацыі прадукцыі вырошчвання. Вось толькі найбольш значныя жывёлагадоўчыя паказчыкі. Па аднаўленні статка сельгаспрадпрыемства, як заўжды, сярод раённых лідараў, і гэта пазіцыя трывалая на працягу ўсёй пяцігодкі. А, напрыклад, па выніках 2024 года на 100 кароў
ад кароў атрымана 96 цялят.
Уражайнасць збожжавых і зерне-бабовых, рапсу з 2021 па 2025 год павялічылася ў паўтара раза.

СВК «Ляхавіцкі» славіцца і сваёй бульбай. Нягледзячы на скарачэнне пасяўных плошчаў пры ўзрастаючай ураджайнасці (з 302 цэнтнераў з гектара ў 2021 годзе да 425 цэнтнераў з гектара ў 2025 годзе), другі хлеб важкі. А калі параўноўваць заработную плату за 2021 год і 9 месяцаў бягучага года, то яна вырасла ў два разы і складае 2 570 рублёў.
А яшчэ «Ляхавіцкі» будуецца, рамантуецца, абнаўляе машынна-трактарны парк.

Самая маштабная новабудоўля пяцігодкі – пабудаваная за ўласныя сродкі з прыцягненнем крэдытаў сучасная МТФ «Русінавічы», разлічаная на адначасовае ўтрыманне 720 галоў БРЖ. Сярод абновак – камбайн «КЗК-12А» і жняярка, трактары «Беларус», трактарныя паў-
прычэпы, касілкі, аўтамабілі і іншае.
І 2025-ы ставіць аграрыям выдатна за нястомную працу, адданасць сельскай гаспадарцы і любві да роднай зямлі. Ураджайнасць хлебнай нівы склала 58,9 цэнтнера з гектара. Сярод жніўных герояў «Ляхавіцкага» – аператары зернесушыльнага комплексу Анатолій Герасімовіч, Леанід Юнік, Іван Рабцэвіч, Іван Хлапянік, яны з году ў год дэманструюць майстар-клас. Сёлета ў іх чарговая перамога – трэцяе месца ў раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю-2025. Прозвішчы з «Ляхавіцкага» гучалі на раённых «Дажынках» і ў іншых намінацыях. Так, Аляксей Грыкель заняў другое месца сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня, а Аляксей Юруць стаў трэцім у гэтай жа намінацыі.
З плюсам – гэта пра паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Валавы надой малака за 10 месяцаў – 10 283 тоны (плюс 890 тон да 10 месяцаў 2024 года), надой на карову ў сярэднім – 8 027 кілаграмаў (плюс 367 кілаграмаў), сярэднясутачныя прывагі БРЖ за 10 месяцаў – 794 грамы (плюс 20 грамаў).
Сёлетнія жывёлагадоўчыя «Дажынкі» прайшлі таксама пад знакам «Ляхавіцкага». Заслуга ў гэтым усіх – ад даглядчыкаў да галоўнага заатэхніка. Менавіта працаўнікі гэтай гаспадаркі займаюць лідзіруючыя пазіцыі як у вытворчасці малака і мяса, так і ў аднаўленні статка. Прозвішчы аператараў машыннага даення Вольгі
Грыкель, Галіны Ракашэвіч, Алены Белавус, Аксаны Абыдзенка, аператараў па вырошчванні БРЖ Аляксандра Толкача, Сяргея Міклашэвіча, Аляксандра Міклашэвіча, Сяргея Асланяна, Аляксандра Зайца, Васілія Шпака, тэхнікаў-асемянатараў Сяргея Белавуса, Івана Патаповіча даўно асацыююцца з высокімі працоўнымі дасягненнямі. Намеснік старшыні СВК Уладзімір Ксёнжык па выніках мінулага года прызнаны лепшым галоўным заатэхнікам у раёне.


Так, у гаспадарцы на кожным участку створаны добрыя ўмовы для плённай працы, з кожным годам расце дабрабыт сельгаспрацаўнікоў, павышаецца заработная плата. Але ж без адданасці справе, прафесіяналізму дасягнуць такіх унушальных вынікаў немагчыма, бо за кожнай вытворчай прыступкай – нялёгкая і нястомная праца,
адданасць сялянскай прафесіі, якая ў «Ляхавіцкім» у вялікай пашане.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.










