ААТ «Шлях новы». Вопыт, рэсурсы, кадры

За бягучую пяцігодку ААТ «Шлях новы» вярнуў сабе колішнюю славу – аднаго з лідараў аграрнай галіны Ляхавіччыны. Гэта відавочна і па вытворчых паказчыках – яны ў сельгаспрадпрыемстве ідуць па ўзрастаючай, і па настроі і адносінах у вялікім калектыве (сёння тут працуе 330 чалавек).
Нездарма па выніках 2024 года «Шлях новы» занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна. Мае месца і яшчэ адна акалічнасць, якая за апошнія пяць гадоў ператварылася ў традыцыю, – прозвішчы працаўнікоў гаспадаркі нязменна гучаць сярод лепшых раслінаводаў, жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў-аграрыяў Ляхавіччыны. І сёння цяжка ўявіць, што, напрыклад, у 2021 годзе такіх прыкладаў не было. І не таму, што тутэйшыя работнікі дрэнна працавалі. Справа ў іншым: неналежная арганізацыя работы, бясспрэчна, істотна ўплывала на вытворчыя паказчыкі. Але з прыходам новага кіраўніцтва ў гаспадарцы год за годам пачаліся відавочныя зрухі да лепшага.

Сёння працаваць у «Шляху новым» зноў, як і дзесяцігоддзі назад, прэстыжна, годна. І што не менш значна – выгадна. Калі ў 2021 годзе сярэдняя штомесячная зарплата складала 830 рублёў, то сёлета за 10 месяцаў – 2 054 рублі. Немагчыма ўявіць раённую Дошку гонару на ўборцы збожжавых і зернебабовых без прозвішчаў руплівых працаўнікоў гэтага сельгаспрадпрыемства.

Па ланцужку паказчыка ўраджайнасці з 2021 па 2024 год можна з упэўненасцю сказаць: суцэльны плюс. У пацвярджэнне лічбы: 33,3; 49,2; 57,2; 57,5 цэнтнера з гектара. А жніво-2025 і ўвогуле б’е рэкорды з ураджайнасцю 70,5 цэнтнера на круг.

Камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, машыністы зернетакоў сярод лепшых падымаліся за ўзнагародамі на сцэну раённых «Дажынак». Напачатку года ўшаноўваюцца руплівыя жывёлаводы і спецыялісты. Неаднойчы фотаздымкі і відэаролікі перадавікоў са «Шляху новага» ўпрыгожвалі нашу раёнку, а таксама сацыяльныя сеткі «ЛВ».
На сёлетніх раённых «Дажынках» «Шлях новы» зноў заявіў пра сябе ў гучны працавіты голас. Сельгаспрадпрыемства стала другім у раённым спаборніцтве сярод сельгасарганізацый Ляхавіччыны, якія забяспечылі найвышэйшыя паказчыкі тэмпаў росту валавога збору зерня (без уліку кукурузы) да сярэдняга ўзроўню трох папярэдніх гадоў. А далей россып тых, хто пераможна шчыраваў падчас сёлетняй жніўнай кампаніі.
Не толькі вынікова працаваў (адзіны ў раёне экіпаж, які намалаціў больш за тры тысячы тон збожжа) за штурвалам камбайна, але і ставіў рэкорды вопытны камбайнер Андрэй Юруць. Не адставаў і бронзавы прызёр раённага спаборніцтва на жніве сярод маладых камбайнераў Аляксандр Камінскі, якога з трэцім вынікам на Брэстчыне ўзнагароджвалі на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2025». Вадзіцель Мікалай Царык другі год запар перавозіць больш за чатыры тысячы тон збожжа. Не так шмат не хапіла да пераможнага выніку вадзіцелям-асам Уладзіміру Пабягайлу, Анатолію Пажогу, Мікалаю Камінскаму. Увогуле, Уладзімір Пабягайла, як адзначае намеснік дырэктара ААТ «Шлях новы» Таццяна Гатоўчыц, работнік незаменны. Ён не толькі плённа і вынікова шчыруе на жніве, але і на ўборцы кукурузы разам з калегамі Андрэем Жмурко і Андрэем Юруцём паказвае адметныя вынікі.
Немалая заслуга ў аграрных поспехах «Шляху новага» апошніх гадоў і галоўнага агранома Кірыла Бясшапашнікава, які прызнаны лепшым аграномам Ляхавіччыны. Значныя зрухі да лепшага на працягу пяцігодкі сельгаспрадпрыемства паказвае па вытворчасці цукровых буракоў. У 2022 годзе валавы збор салодкага кораня склаў 8 849 тон пры сярэдняй ураджайнасці 295 цэнтнераў з гектара, а за 2024-ы – 12 704 тоны і 423 цэнтнеры з гектара адпаведна, сёлета за 10 месяцаў – 15 762 тоны пры ўраджайнасці 650 цэнтнераў з гектара. І ў жывёлагадоўлі гаспадаркі адчувальны акцэнт паспяховасці.

Даволі красамоўны факт: у 2021 годзе надой на карову ў сельгаспрадпрыемстве складаў 10 кілаграмаў малака. Сёння гэты паказчык – 20 кілаграмаў малака. А калі за 2022 год на карову даілі 3 900 кілаграмаў малака, то сёлета за 10 месяцаў – 5 705.
За 10 месяцаў бягучага года па выпуску жывёлагадоўчай прадукцыі «Шлях новы» мае 120 працэнтаў росту да аналагічнага мінулагодняга перыяду. Летась жывёлагадоўля гаспадаркі паказала лепшую дынаміку па паказчыку ўдойнасці малака ў сярэднім ад каровы, ён павысіўся на 900 кілаграмаў. На пачатку бягучай пяцігодкі наўрад ці «Шлях новы» мог уявіць сябе сярод лепшых гаспадарак Ляхавіцкага раёна па вытворчасці і рэалізацыі мяса. А па выніках 2023 і
2024 гадоў ААТ «Шлях новы» займае другое месца ў раёне па азначаным паказчыку.
У 2023 годзе «Шлях новы» адным з першых на Ляхавіччыне пабудаваў сучасную малочнатаварную ферму «Літва» (брыгадзір Наталля Махнач), якая за кароткі час стала лепшай сярод аналагічных падраздзяленняў сельгаспрадпрыемства і з дня ў дзень набірае балы, каб заняць лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. Сярод жывёлагадоўчых лідараў гаспадаркі і МТФ «Сакуны» (брыгадзір Таццяна Карповіч). Удзячнасці за сваю працу заслугоўваюць многія жывёлаводы. Але асаблівым прыкладам у рабоце, адносінамі да справы вылучаецца аператар машыннага даення МТФ «Навасёлкі» Алена Вялько, якая сёлета за 10 месяцаў ад кожнай каровы ў сярэднім надаіла больш за пяць тысяч кілаграмаў малака. Яшчэ адзін з лідараў сярод аператараў машыннага даення – Алена Равінская, прычым працуе яна на адной з самых «пажылых» па ўзросце МТФ «Бажкі». Паказвае майстар-клас і жывёлавод жывёлагадоўчай фермы «Малое Падлессе» Ірына Буйкевіч. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ на падпарадкаваным ёй участку складаюць больш за 700 грамаў.
Дарэчы, пра прывагі. Са студзеня па верасень 2025 года ў «Шляху новым» сярэднясутачныя прывагі складаюць 653 грамы (плюс 47 грамаў да мінулагодняга паказчыка) пры сярэднераённым плюсе ў 29 грамаў.
Сельгаспрадпрыемства ўпэўнена трымае курс на будаўніцтва новых, з сучасным абсталяваннем і новымі тэхналогіямі жывёлагадоўчых комплексаў. Зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, і ў 2026 годзе ў «Шляху новым» распачнецца чарговая будоўля – новая МТФ каля вёскі Бажкі.

Сярод асноўных задач на бліжэйшую перспектыву дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Коктыш называе павышэнне ўрадлівасці глебы і аптымізацыю структуры пасяўных плошчаў – асновы для стабільнай вытворчасці ў раслінаводстве. Адпаведна ў жывёлагадоўлі курс на выпуск больш якаснай прадукцыі і павелічэнне яе колькасці.
Канешне, прадоўжыцца пераўзбраенне, удасканаленне тэхналагічных працэсаў, укараненне тэхнічных і тэхналагічных інавацый.
– Галоўнае, што ўдалося зрабіць, – сфарміраваць і згуртаваць калектыў – дружны, моцны, здольны вырашаць самыя складаныя задачы, дасягаць любой пастаўленай мэты і дастойных вытворчых вынікаў. З такімі людзьмі можна пераўзыходзіць любыя рэкорды, – упэўнены Андрэй Коктыш. Словы кіраўніка, заслуга якога ў паспяховасці сельгаспрадпрыемства важкая, а аўтарытэт не выклікае сумненняў, у хуткім часе будуць рэалізаваны ў канкрэтных надоях, прывагах,
намалотах.
Галіна КАНЬКО.





