ААТ «Нача». Разумныя тэхналогіі з рацыянальным падыходам
– Важны складнік поспеху – развіццё вытворчасці. Немалое значэнне, акрамя іншага, надаём укараненню новых тэхналогій і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў, мінімізацыі ручной працы, –
падкрэслівае дырэктар ААТ «Нача» Сяргей Шушпаннікаў. На працягу двух гадоў пад яго кіраўніцтвам паспяхова рэалізуецца курс на тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыю.

«Нача» – невялікае сельгаспрадпрыемства, таму кожнае рашэнне выверана і ўзважана. Сяргей Шушпаннікаў перакананы, што для атрымання вынікаў важныя адладжаная сістэма кіравання і кадры – зацікаўленыя і адказныя, якія любяць сваю прафесію і гатовы працаваць на вынік.
Прэзідэнт Беларусі неаднойчы падкрэсліваў, што гэты год,нягледзячы на ўсе цяжкасці, быў удалым для сельскай гаспадаркі. «Начы» таксама ёсць чым пахваліцца.

Сёлета сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых
склала 52,9 цэнтнера з гектара (год назад – 49,2). А ў параўнанні з 2021 годам прыбавілі больш за 56 працэнтаў. Сталі лепшымі ў раёне па ўраджайнасці ў пераразліку на бала-гектар. Атрымалі 45,3 цэнтнера з гектара кукурузы, што амаль на палову вышэй мінулагодняга паказчыка.


Усё гэта вынік строгага выканання агратэхналогіі, павышэння ўрадлівасці палёў. Станоўчы вынік дае і перавод зернесушыльнага комплексу ў Зубелевічах з дроў на вадкае паліва.
У жывёлагадоўлі таксама маюцца напрацоўкі. Сёлета за 10 месяцаў надой малака ад кожнай каровы дасягнуў 5 597 кілаграмаў. Да канца
года плануюць атрымаць больш за 6 700 кілаграмаў малака. Розніца з аналагічным перыядам мінулага года – 640 кілаграмаў на карову. Тэмп росту адносна мінулага года 112 працэнтаў. Паступова павялічваецца і пагалоўе БРЖ. На сёння ў статку больш за 3 200 галоў, з якіх каля 1 100 – дойны статак. Стабільна павялічваюцца прывагі – за кастрычнік атрымалі 764 грамы.
Агульны плюс па выніках года адносна мінулага – 76 грамаў. Адчувальны ўклад уносяць жывёлаводы ўсіх пяці жывёлагадоўчых аб’ектаў «Начы». Кіраўнік гаспадаркі не шкадуе добрых слоў у адрас калектываў. Безумоўна, маюцца пэўныя праблемы, але і яны пакрысе вырашаюцца.
Сёлета нарыхтавалі ўдосталь кармоў. Для іх якаснай нарыхтоўкі набыты трамбоўшчык сіласу і сенажу, у актыве і плюшчылка зерня з упакоўкай у «рукавы».
У ААТ «Нача» эксперыментуюць і не баяцца памыліцца. У выніку – валавая вытворчасць малака пайшла ўверх. У бліжэйшай перспектыве дзеля павышэння эфектыўнасці вытворчасці на МТФ «Цэнтр» плануецца ўкараненне сучаснай тэхналогіі – сістэмы кантролю кармлення. Для ўстаноўкі «разумнага» абсталявання на ферме маюцца новы кормараздатчык і трактар, у планах
купля пагрузчыка. Кармленне па-новаму плануецца і на МТК «Зубелевічы».

За лічбамі і паказчыкамі – плённая праца аграрыяў, якія і вызначаюць поспех у раслінаводстве, забяспечваюць паступовае нарошчванне жывёлагадоўчай прадукцыі.
У начаўскім караваі маецца заслуга і галоўнага агранома Ігара Карпея, які да новай пасады працаваў аграномам-хімікам. Стараюцца і маладыя спецыялісты – аграномы Алена Неміровіч і Валерыя Прыхач. Навічкам у «Начы» рады, і яны асэнсавана заключылі кантракт на пяць гадоў з атрыманнем добрых бонусаў. Як і эканаміст Дар’я Бесіяшвілі, якая таксама сёлета ўлілася ў калектыў, дзе маладым – шырокая дарога, а ветэранам – пашана. Немалая заслуга ў жывёлагадоўчай прыбаўцы належыць камандзе спецыялістаў, якая спалучае вопыт і маладосць. Галоўны заатэхнік Сяргей Расоха раней узначальваў ферму ў Пашкоўцах і добра ведае, што лепш для рагуль. Укамплектаваны і штат ветурачоў: з чатырох два ва ўзросце да 25 гадоў – Віталій Цяртышны і Мілана Несцяровіч. На МТК «Зубелевічы» аператарам машыннага даення шчыруе вопытны работнік Валянціна Зейналава, а на МТФ «Цэнтр» Ірына Валчок. Ірына занесена на Дошку гонару гаспадаркі і за сем гадоў працы заслужыла павагу калег.
Год назад кіраўніцтва «Зубелевічаў» даверана Аляксандру Коршуну, які ва ўзроставай катэгорыі да 31 года. Вытворчыя паказчыкі комплексу пацвярджаюць кадравы выбар.
Уведзеная сёлета МТФ «Цэнтр» аснашчана высокатэхналагічным абсталяваннем. Ферма знаходзіцца ў клапатлівых і аўтарытэтных руках загадчыцы Людмілы Чарапавіцкай. Бухгалтар па адукацыі, у сельгаспрадпрыемстве яна 40 гадоў, з якіх 15 – у «Цэнтры». Сёння МТК «Зубелевічы» і МТФ «Цэнтр» нават канкурыруюць паміж сабой. І гэта да эканамічнага плюса.
У «Начы» робяць стаўку і на новую тэхніку. За апошнія два гады машынна-трактарны парк папоўніўся 29 адзінкамі новай тэхнікі, сярод якіх раздатчык мінеральных удабрэнняў, кормаўборачны камбайн з камплектам агрэгатаў, шэсць легкавых аўто, два новыя трактары, кормараздатчык, збожжаўборачны камбайн і многае іншае. На тэхніцы дзеля рацыянальнага выкарыстання энергетычных і паліўных энергарэсурсаў устаноўлены «разумныя»
сістэмы. За парк тэхнікі сёння ў адказе галоўны інжынер Уладзіслаў Купрыш. А з транспартнымі сродкамі ён на «ты».
Сярод вопытных механізатараў– заўсёдны перадавік Віталій Васюкевіч. Не збаўляюць вытворчы рытм прафесіяналы справы Раман Голя, Іван Чушаль. Майстар-клас на «Амкадоры» паказвае Раман Бабко. На ўсіх відах тэхнікі і розных відах работ вызначаюцца стараннасцю Іван Казакевіч, Яўгеній Смаршчок.
Мясцовыя работнікі разам не толькі на працоўных месцах, але і падчас грамадска-карысных спраў. Праводзяць суботнікі, добраўпарадкуюць тэрыторыю, садзяць дрэвы і сваім прыкладам вучаць падрастаючае пакаленне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

















