Салодкі дэсерт сельгассезона. Па стане на 26 лістапада, дзяржаўны заказ на пастаўку цукровых буракоў Ляхавіччына выканала на 99 працэнтаў
Па стане на 26 лістапада, дзяржаўны заказ на пастаўку цукровых буракоў Ляхавіччына выканала на 99 працэнтаў. Лічба паводзіць сябе вельмі дынамічна і, што не выключана, на дзень выхаду газеты ўжо дасягне абсалютнага планавага значэння.

Спецыфіка вырошчвання, уборкі, вывазкі на буракапрыёмны пункт цукровага караняплода адрозніваецца сваёй спецыфікай. У тым сэнсе, што працаёмістасцю вызначаецца кожны з названых этапаў. Да таго ж, вытворцам прадукту ў шэрагу момантаў неабходна ўзгадняць і сінхранізаваць свае дзеянні з аб’ектыўнымі магчымасцямі прадпрыемстваў-перапрацоўшчыкаў. Каб мінімізаваць этапы затаваранасці ці, наадварот, факты мінімальных тэрмінаў у ланцугу паставак, забяспечыць іх рытмічнасць, заводы-перапрацоўшчыкі стымулююць паступовасць адгрузкі караняплода з палёў яго вырошчвання. У тым ліку і матэрыяльна, калі, як ведаем, на першым часе цана закупкі «салодкага» кораня некалькі адрозніваецца ад сярэднеўстойлівага сезоннага значэння.
У бягучым годзе ў Ляхавіцкім раёне вырошчваннем цукровых буракоў займаліся як буйныя дзяржаўныя сельгасструктуры, так і значна менш маштабныя прыватныя арганізацыі. Кансалідаваны раённы клін буракоў размяшчаўся сёлета на 1 780 гектарах, што прыкладна параўнальна з мінулагоднім значэннем. Аднак дзякуючы значна больш важкаму ў гэтым годзе сярэдняму гектару – 637 супраць леташніх 472 цэнтнераў – цяперашні «салодкі» вал раёна атрымаўся істотна больш «салодкім».
Самыя вялікія плошчы культура займала ў ААТ «Жарабковічы».
З 740 гектараў гаспадарка падняла ледзь ці не 4,5 тысячы тон караняплода. А вось самым ураджайным гектарам можа пахваліцца ЗАТ «Фораланд», дзе кожная з 420 адзінак плошчы зарадзіла ў сярэднім на 790 цэнтнераў. Другую лепшую ў нас ураджайнасць паказала ААТ «Шлях новы» – 679 цэнтнераў у сярэднім пераразліку. Усяго на дзевяць цэнтнераў па паказчыку ўраджайнасці адстала ад «Шляху новага» СФГ «АграВыгада Плюс», некалькі за 600 цэнтнераў вырас гектар у СУП «Ліпнянка», за 400 – у ФГ «Вялікае Падлессе-агра».
Разам з колькаснымі паказчыкамі важнае месца ў пытаннях вырошчвання і продажу бурака займаюць значэнні яго засмечанасці і цукрыстасці. Іх сярэднія па раёне сезонныя лічбы атрымаліся 8,45
і 17,06 працэнта адпаведна.
На дату падрыхтоўкі матэрыялу, вывазку з палёў выкапанага цукровага бурака працягвалі СУП «Ліпнянка», СФГ «Агра-Выгада Плюс», ФГ «Вялікае Падлессе-агра». Як і ЗАТ «Фораланд», якому засталося давывезці на прыёмны пункт усяго каля аднаго-паўтара працэнта ад аб’ему накапанага ўраджаю.
З заданнем на адгрузку караняплода ў залік дзяржаўнага заказу паспяхова завяршыла абсалютная большасць ляхавіцкіх буракавытворцаў. У салодкую скарбонку краіны «Жарабковічы» адгрузілі 19 100, «Фораланд» – 10 500, «Шлях новы» – 7 600, «АграВыгада Плюс» – 5 000, «Вялікае Падлессе-агра» –
1 300 тон сыравіннай прадукцыі.
Завяршальнае слова ў пастаўках застаецца за «Ліпнянкай», якая з заданнем на адгрузку дзяржаве сваіх двух тысяч тон «салодкага» караняплода справілася пакуль менш як на 80 працэнтаў.
І ключавым словам тут трэба лічыль «пакуль». Хоць бы таму, што, як сведчыць аператыўная інфармацыя райсельгасхарчу,
апошнім часам тэмпы адгрузачных работ дастаткова актывізаваліся. Напрыклад, толькі за адзін з нядаўніх дзён на гэтым тыдні на буракапрыёмны пункт паступіла ці не чатыры сотні тон «ліпнянскага» салодкага ўраджаю.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

