Працэс пайшоў

Механізатар ААТ "Ляхавіцкі райаграсэрвіс" Аляксандр Цэменя прыступіў да сяўбы яравых

Але не бяромся казаць, што яравы працэс у сельгасарганізацыях раёна зайшоў глыбока. Не для параўнання, якое было б абсалютна некарэктным, а дзеля нагляднасці заўважым, што асобныя паўднёвыя рэгіёны вобласці з сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых справіліся ўжо напалову і больш ад запланаванага. На фоне такіх ляхавіцкія, а па стане на ўчарашні дзень раён адсеяўся менш чым на 8 працэнтаў, выглядаюць сціпла.

У сяўбу ўключыліся 5 арганізацый, агульная выпрацоўка якіх склала на названы час 570 засеяных гектараў. Услед за першапраходцамі з “Белпрампрыбору” і “Шляху новага” агрэгаты ў поле вывелі сейбіты льнозавода, аграрнага каледжа, райаграсэрвіса.
У райаграсэрвісе пачыналі з аўса, 6 дзясяткаў гектараў якога сталі для механізатара Аляксандра Цэмені, можна сказаць, перадсезоннай размінкай. Таксама – тэстам для тэхнікі: у многім іменна ад дакладнасці выканання рэгламентаў будзе залежаць працаздольнасць і трактара-цягача, і камбінаванага пасяўнога агрэгата. У райаграсэрвісе такіх агрэгатаў 3. Усе ў стартавай гатоўнасці стаць у баразну па першай камандзе.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *