Будуць кармы, будзе і малако. Гэтымі днямі актыўна ідзе корма-нарыхтоўка, якая ў многім вызначыць эфектыўнасць работы жывёлаводаў

Гэтымі тыднямі вырашаецца многае. І для жывёлагадоўлі, і для эканомікі сельгаспрадпрыемстваў у цэлым, у структуры якіх яна з’яўляецца вядучым вытворчым актывам.
Але ж не будзем забывацца на тое, што класічная сельскагаспадарчая вытворчасць, як правіла, будуецца на балансе інтарэсаў раслінаводства і жывёлагадоўлі. Першае, канешне ж, корміць другое, але і раслінаводства з’яўляецца «спажыўцом» адыходнага кампаненту жывёлагадоўлі. Жывёлагадоўля – гэта арганіка і гумус для глебы, пры дэфіцыце якога не можа быць выдатнага ўраджаю і хлеба, і бульбы, і травы.
На мяжы каляндарных вясны-лета шматгадовыя травы знаходзяцца на вяршыні сваёй кармавой каштоўнасці, актыўна косяцца-ўбіраюцца, закладваюцца ў сянажныя траншэі. Іх паўната і якасць з’яўляюцца першым фактарам паўнаты малочных надояў і ў многім фінансавага становішча сельгаспрадпрыемстваў на працягу больш як 12 бліжэйшых месяцаў.
А пакуль звернемся да чатырох месяцаў года бягучага, паглядзім на іх праз прызму вытворчай мяса-малочнай выніковасці.
За студзень – красавік 2026 года сельгаспрадпрыемствамі Ляхавіччыны атрымана больш за 28 тысяч тон малака. Узровень леташняга красавіка перавышаны на 5,1 працэнта.
Не шмат, аднак, нязменнасць тэндэнцыі апошніх прыкладна двух гадоў знайшла чарговае пацвярджэнне. Пры гэтым яшчэ раз узгадаем пра незвычайную суровасць першых двух месяцаў года, сакавіцка-красавіцкую халаднаватасць, а таксама той факт, што з павелічэннем базы дасягаць прыбаўкі становіцца больш складана. Але ж, як
бачым, магчыма. Па вытворчасці малака за чатыры месяцы года ў раёне дабавілі ўсе, акрамя аднаго сельгаспрадпрыемства. На 12 з паловай працэнтных пунктаў СУП «Ліпнянка», на 10-11 ААТ «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі», на два-тры ААТ «Нача» і «Шлях новы». Узмацніць важнасць моманту можна тым, што ў большасці з названых сельгаспрадпрыемстваў за гэты ж час павялічыўся паказчык ўдойнасці сярэдняй каровы. На адну, паўтары, а то і дзве, як у «Жарабковічах», сотні кілаграмаў малака. Але здзіўляе СВК «Ляхавіцкі». Тым, што пры сваіх і без таго вельмі высокіх лічбах удойнасці знаходзіць магчымасці плюсаваць яшчэ больш. Удойнасць сярэдняй каровы сельгаскааператыва павялічылася ледзь ці не на тры сотні кілаграмаў у параўнанні з мінулым годам.
Цяпер іх актуальным паказчыкам сярэдняй удойнасці з’яўляецца лічба 3 381 кілаграм за 4 месяца. Калі ж яе пралангіраваць на ўвесь бягучы год, выйдзем за 10 тон малака. Прычым, самай высокай ацэнкі якасці і, адпаведна, цаны рэалізацыі. Паколькі ўсё сваё малако «Ляхавіцкі» прадае выключна гатункамі вышэйшы і экстра. З яўным, калі не абсалютным ухілам у бок апошняга.
100-працэнтна высокай якасцю рэалізацыі малака таксама могуць пахваліцца «Жарабковічы», «Ліпнянка», «Белпрампрыбор». Ды і ААТ «Нача», якое не дацягвае да абсалюту пару-тройку дзясятых доляў працэнта.
На фінішы чатырох месяцаў года жывёлагадоўля раёна выйшла на сярэднія 715 грамаў прываг буйной рагатай жывёлы ў суткі.
Ажыццёўлены чарговы, 15-грамовы, крок да высокай лічбы, якой можна лічыць паказчык у 750 грамаў у суткі. Па выніку красавіка-2026 яе ўжо дасягнулі ці перасягнулі і «Ляхавіцкі», і «Жарабковічы», і, што дастаткова незвычайна, СУП «Белазем’е». Незвычайнасць у тым, чаму прыкладная прадукцыйнасць не распаўсюджваецца на іншыя асноўныя паказчыкі работы жывёлагадоўлі прадпрыемства.
А пакуль гаспадаркі раёна косяць, сушаць, убіраюць і трамбуюць сянажную масу у кармавыя траншэі. Робіцца ўсё, каб будучыя надоі і прывагі БРЖ былі яшчэ больш высокімі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


