Адпачынак з законнай гарантыяй. Участковы інспектар РАУС нагадвае пра асноўныя парушэнні, якія ўчыняюць грамадзяне на вадзе і каля вады

З прыходам цяпла адпачываючыя ў пошуках прахалоды накіроўваюцца да вадаёмаў. Пры гэтым не ўсе прытрымліваюцца правілаў. Участковы інспектар РАУС Сяргей КУНІЦКІ нагадвае пра асноўныя парушэнні, якія ўчыняюць грамадзяне на вадзе і каля вады:

– Супрацоўнікі міліцыі рэгулярна праводзяць прафілактычныя рэйды па прыбярэжных зонах, асаблівая ўвага – на выяўленне грамадзян, якія распіваюць спіртныя напіткі ці парушаюць забарону на купанне ў недазволеных месцах. Нагадаю, што ў Ляхавіцкім раёне тры афіцыйныя месцы, дзе дазволена купанне: пляж на рацэ Ведзьма ў Ляхавічах, пляж на вадаёме ў аздараўленчым лагеры «Чайка» (для адпачываючых у летніку), сажалка Востраў. Купанне ў іншых месцах забаронена.

За парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з артыкулам 24.42 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях з накладаннем штрафу да трох базавых велічынь.

За распіццё алкаголю ў грамадскіх месцах можна атрымаць штраф да 15 БВ, грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт.

За хуліганства – штраф ад 2 да 30 БВ ці грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт. Распальванне кастроў у недазволеных месцах можа пацягнуць штраф да 12 БВ.

Якімі б частымі ні былі патруляванні, рэйды, маніторынгі, гэта не гарантуе поўнай бяспекі, пакуль самі грамадзяне не стануць больш дысцыплінаванымі.
Найбольш частымі злачынствамі ў месцах масавага адпачынку застаюцца крадзяжы асабістай маёмасці – мабільных тэлефонаў, кашалькоў, сумак, пакінутых без нагляду. І гэта яшчэ адна прычына быць больш уважлівымі падчас  адпачынку каля вады.