Крыніца поспехаў – у людзях. У Ляхавіцкім раёне падвялі вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у аграпрамысловым комплексе

Ёсць такая нялёгкая, але неабходная прафесія – жывёлавод. Гэта аператары машыннага даення і па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, даглядчыкі, заатэхнікі, ветэрынарныя спецыялісты, загадчыкі і брыгадзіры МТФ і МТК. У тым ліку і ад іх залежыць, ці будуць на стале беларусаў сваё малако, мяса і разнастайныя прадукты з гэтай сыравіны.


18 красавіка адбылося падвядзенне вынікаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у аграпрамысловым комплексе. У гарадскім Доме культуры сабраліся кіраўніцтва раёна і сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі жывёлагадоўчай галіны з усіх гаспадарак. З працоўнымі перамогамі герояў свята павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік Ляхавіччыны падкрэсліў, што ў мінулым годзе жывёлаводы раёна дабіліся добрых поспехаў. У кожным з сельгаспрадпрыемстваў адкрываюцца новыя аб’екты. Радуюць і вытворчыя вынікі. Па стане на пачатак 2025 года на 1 200 адзінак павялічылася колькасць буйной рагатай жывёлы, на 808 стала больш кароў. За 2024 год гаспадаркі раёна атрымалі 72 тысячы тон малака – 114,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Мікалай Мароз падзякаваў за плённую працу, за любоў да роднай зямлі, пажадаў усім прысутным цярпення, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, шчасця ў сем’ях і дабрабыту і ўзнагародзіў уладальнікаў першых месцаў у раённым спаборніцтве, а таксама ўручыў Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падкрэсліў, што адказная праца жывёлаводаў, лічы, без святаў і выхадных, патрабуе вялікай самааддачы, вытрымкі, цярпення, прафесіяналізму. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна перадаў узнагароды ўладальнікам другой прэміі і ўручыў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы райсавета.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык адзначыў, што наперадзе ў жывёлаводаў новыя дасягальныя вынікі, і кожнай з гаспадарак трэба развіваць патэнцыял. Васілій Пыжык узнагародзіў уладальнікаў трэціх месцаў раённага спаборніцтва, а таксама ўручыў Ганаровыя граматы райсельгасхарчу і Падзякі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Дарэчы, па колькасці пераможцаў бясспрэчны лідар у раённым конкурсе жывёлаводаў – СВК «Ляхавіцкі».
Віншаванні і падзякі за працу прагучалі ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольгі Анікей. Прафсаюзны лідар аграрыяў Ляхавіччыны ўручыла заслужаным жывёлаводам Падзячныя пісьмы Брэсцкай абласной і Ляхавіцкай раённай прафсаюзных арганізацый, пуцёўкі на аздараўленне ў здраўніцы Беларусі.
Душэўна падзякаваў за добрасумленную працу сельгасвытворцам старшыня раённага філіяла Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Аляксандр Вашчук і ўручыў Ганаровыя граматы абласнога аграпрамысловага саюза прадстаўнікам жывёлагадоўчай галіны.
Пастараліся з цудоўным падарункам і падрыхтавалі творчую канцэртную праграму культработнікі раёна.
У фае кансервавы і малочны заводы праводзілі дэгустацыю, выставу прадукцыі прадставіла райпо. А дэгустацыя ад Ляхавіцкага аграрнага каледжа плаўна перайшла ў прафарыентацыю.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

