Чысціня і парадак – сінонімы памяці

Набліжаецца Радаўніца. Многія прыйдуць на могілкі, каб ушанаваць памяць пра сваіх памерлых родных і блізкіх. І хочацца, каб і на гэтых месцах смутку быў парадак і не толькі каля кожнага месца пахавання, але і ўвогуле на тэрыторыі могілак.

Так, камунгас праводзіць добраўпарадкаванне, але абавязаны гэта рабіць толькі на агульных тэрыторыях. У сельскай мясцовасці да такой справы далучаюцца вяскоўцы, якія арганізоўваюць суботнікі, талакой наводзяць парадак. Да такой практыкі варта было б падключыцца і грамадзянам у горадзе.
Хто і дзе павінен прыбірацца на грамадскіх могілках, вызначана Правіламі ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання, якія зацверджаны пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь № 17 ад 10.06.2016.
Згодна з пунктам 39 Правілаў прадугледжана, што грамадзяне або іншыя асобы па іх даручэнні, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання, устаноўку надмагільнага збудавання, павінны самастойна за ўласныя сродкі сачыць за захаванасцю калумбарных ніш і пліт, надмагільных збудаванняў, своечасова іх рамантаваць, афарбоўваць, у выпадку разбурэння замяняць, прыбірацца на месцах пахавання, расчышчаць праходы паміж участкамі для пахавання, выдаляць расліннасць з магіл і праходаў паміж імі, даглядаць жывую агароджу з кустоўя, а таксама кветнікі і газоны на ўчастках для пахавання. А вось касіць траву ў месцах агульнага карыстання на могілках – на пешаходных дарожках, газонах, аўтамабільных паркоўках – абавязак арганізацыі, на чыім балансе знаходзяцца могілкі. У Ляхавіцкім раёне – гэта КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Давайце разам навядзём парадак на могілках і будзем яго падтрымліваць, каб не было сорамна ні перад памерлымі, ні перад жывымі.

Наталля МАСЛОЎСКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.