Маларыта сустракала хлебаробскі фестываль

Маларыта прымала гасцей. Менавіта гэты гарадок Брэстчыны стаў сталіцай абласных “Дажынак-2010”. У мінулую суботу ўсе шляхі вялі сюды, на традыцыйны фестываль-кірмаш – святочнае дзейства, у якім галоўнымі героямі былі хлебаробы, лепшыя з лепшых, хто стаў пераможцам абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжа. Дэлегацыі з усіх раёнаў Брэстчыны трымалі шлях у гэты прыгожы ўтульны гарадок. Ляхавіцкую, на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, на мяжы Маларыцкага раёна сустрэлі хлебам-соллю. Гасцінныя гаспадары віталі гасцей.
Цэнтр Маларыты ў гэты дзень ператварыўся ў вялікую, у нацыянальным каларыце аформленую канцэртную пляцоўку і, здавалася, у бясконцыя гандлёвыя рады. Шыкоўны кірмаш, выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці “Кірмашовы россып”, выступленне аматарскіх калектываў вобласці ў гарадскім Доме культуры і на імправізаваных вулічных міні-сцэнах ужо самі па сабе былі святам. Радасныя ўсмешкі на тварах, гучанне музыкі і асаблівы, урачысты настрой у спалучэнні з чаканнем кульмінацыі фестывалю стваралі тую непаўторную атмасферу, якая па-добраму закранала сэрца і выразна выяўляла важкасць падзеі, дзеля якой Маларыта прымала гасцей.
Святочнае шэсце дэлегацый суправаджалася прывітальнымі словамі вядучых. Галоўная сцэна фестывалю на цэнтральнай плошчы Маларыты чакала ге-рояў дня. Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, віншуючы герояў жніва-2010, пераканана зазначыў, што нашым земляробам любыя задачы па плячы; што, сабраўшы больш мільёна тон зерня, яны выканалі сваю галоўную запаведзь – не пакінулі ўраджай у полі і дастойна правялі яго ўборку; што мільён тон зерня – гэта ўжо стабільны для нашай вобласці намалот. Канстанцін Андрэевіч гаварыў пра надзейнасць і запас трываласці людзей, якія вырошчваюць хлеб. Ён падзякаваў хлебаробам за сёлетні каравай Брэстчыны, адзначыў поспехі сельскагаспадарчай галіны, назваў задачы, якія стаяць перад аграрыямі ў наступным пяцігоддзі, і выкананне якіх дазволіць дасягнуць галоўнай мэты – павысіць дабрабыт людзей. У 2015 годзе валавы намалот зерня павінен скласці 1800 тысяч тон, валавы надой малака – 2 мільёны тон, 400 тысяч тон ялавічыны, свініны і птушкі. Уразлівы маштаб, значны рост, якія дасягнуць нам па сілах.
А потым адбылося ўзнагароджанне лепшых хлебаробаў вобласці. Неаднойчы на галоўную сцэну свята запрашаліся і нашы землякі-ляхавічане.
Сярод сельскагаспадарчых арганізацый у абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2010 годзе, якія забяспечылі найлепшыя паказчыкі па вытворчасці зерня пры станоўчым тэмпе росту валавога збору да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў, эфектыўнае вядзенне сельскагаспадарчай вытворчасці, трэцяе месца ў вобласці заняў СВК “Дарава”. І ўсе “Дажынкі-2010” апладзіравалі старшыні сельгаскааператыва Уладзіміру Пятроўскаму, калі ён падняўся на сцэну за ўзнагародай калектыву. Гэтак жа шчыра віталі старшага камбайнера ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” Андрэя Юруця. Яго жніўны вынік – 1479,9 тоны намалочанага з 376 гектараў камбайнам КЗС-1218 зерня (умоўны намалот на камбайн склаў 1302 тоны) забяспечылі яму другое месца ў спаборніцтве сярод экіпажаў сельгасарганізацый . А сярод маладзёжных экіпажаў на другім месцы ў вобласці старшы камбайнер СВК “Шлях новы” Дзмітрый Петух: камбайнам КЗС-10К убраў 331,2 гектара і намалаціў 1184 тоны зерня (умоўны намалот на камбайн склаў 1148 тон). Абсалютным пераможцам, заняўшым першае месца сярод вадзіцеляў на 3670 тон, перапрацаваных на такім самым комплексе Васіліем Цыулем з СВК “Жарабковічы”, забяспечылі яму другое месца ў гэтай жа намінацыі спаборніцтва.
Заслужаныя ўзнагароды заслужаным, адданым сваёй справе працаўнікам, чые залатыя рукі не ведаюць стомы, а шчырыя сэрцы – спакою. Ім і іх калегам, якія працавалі поплеч, працавалі ад душы, сумленна і нястомна, прысвячаліся шчырыя словы віншаванняў, пажаданні дабра і новых поспехаў, удзячнасць і песні. Яны – героі. Звычайныя героі. Жніва. Гэта яны забяспечылі важкасць каравая Брэстчыны, Беларусі. З хлебам – значыць з упэўненасцю ў дні сённяшнім і заўтрашнім. У светлым дні любімай зямлі.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *