Пуцёўка па правілах. Як санаторна-курортнае лячэнне запатрабавана ў ляхавічан

Папулярнасць беларускіх санаторыяў з кожным годам расце. Прычым не толькі ў жыхароў нашай краіны, але і гасцей з замежжа. Справа ў тым, што на пастаяннай аснове беларускія здраўніцы абнаўляюць абсталяванне, пашыраюць пералік паслуг, у тым ліку медыка-аздараўленчых. Запатрабавана санаторна-курортнае лячэнне і ў ляхавічан.

Сёлета за 9 месяцаў у здраўніцах адпачылі 39 работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, 15 дзяцей (аздараўліваліся разам з маці ці бацькам), а таксама 9 дзяцей-інвалідаў, 60 ветэранаў працы –
інвалідаў І, ІІ і ІІІ групы, два ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Разам з тым на ўліку знаходзіцца 178 жыхароў раёна, якія маюць першачарговае права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Асноўным дакументам, які вызначае сацыяльныя гарантыі на атрыманне санаторна-курортнага лячэння, з’яўляецца Закон «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах для асобных катэгорый грама-дзян» і Указ «Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва». З 1 студзеня 2024 года дзейнічае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 343 ад 2 лістапада 2023 года, накіраваны на ўдасканаленне арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва. Згодна з заканадаўствам, атрымаць бясплатна пуцёўку ў санаторый могуць інваліды І і ІІ групы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, дзеці і іншыя катэгорыі грамадзян, якія маюць ільготы. Умовы атрымання пуцёвак для льготнікаў засталіся ранейшымі. Змяненні тычацца толькі інвалідаў І і ІІ групы па наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС – яны маюць права на першачарговае аздараўленне ў санаторыях не больш аднаго разу на працягу года (раней было не больш аднаго разу ў два гады).
А вось паправіць здароўе і адпачыць з частковай аплатай, памер якой залежыць ад атрымліваемага даходу, могуць грамадзяне, якія працуюць і за каго наймальнік выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН, як і грамадзяне, якія самастойна вы-плачваюць такія ўзносы. Таксама да такой катэгорыі адносяцца ваеннаслужачыя, у тым ліку і тыя, хто атрымлівае пенсію за выслугу гадоў, непрацуючыя ветэраны працы і інваліды ІІІ групы. Студэнты могуць атрымаць пуцёўку на санаторна-курортнае лячэнне з аплатай 15 працэнтаў яе кошту, а пуцёўку на аздараўленне – з частковай аплатай у залежнасці ад даходу. Адзін з бацькоў, які адпраўляецца з дзіцем у санаторый, можа таксама атрымаць пуцёўку з аплатай 15 працэнтаў яе кошту пры наяўнасці ў яго медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў да санаторна-курортнага лячэння.
Нагадаю яшчэ раз пра змяненні, што тычацца перыядычнасці атрымання пуцёвак у здраўніцы. Працуючым грамадзянам, ваеннаслужачым і асобам, якія самастойна выплачваюць узносы ў ФСАН, льготная пуцёўка цяпер прадастаўляецца не часцей аднаго разу ў чатыры гады, а непрацуючым ветэранам працы, пенсіянерам з ліку ваеннаслужачых і тым, хто атрымлівае пенсію за выслугу гадоў, непрацуючым інвалідам ІІІ групы – не часцей аднаго разу ў тры гады. Непрацуючыя інваліды І і ІІ групы могуць прэтэндаваць на атрыманне пуцёўкі адзін раз у два гады. Гэтыя правілы не тычацца тых, хто поўнасцю аплачвае кошт пуцёўкі ў санаторыі.
Грамадзяне, за каго работадавец выплачвае ўзносы ў ФСАН, іх дзеці, а таксама работнікі, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, пуцёўкі атрымліваюць па месцы работы, ваеннаслужачыя, іх дзеці – па месцы ваеннай службы, студэнты і іх дзеці – па месцы вучобы. Непрацуючыя звяртаюцца за пуцёўкай у прадстаўніцтва па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы жыхарства. Грамадзяне павінны прадаставіць у камісію ці прадстаўніцтва па аздараўленні пісьмовую заяву на прадастаўленне пуцёўкі, а таксама даведку аб стане здароўя. Тыя, хто мае права на бясплатнае лячэнне ў санаторыі, павінны мець і дакумент, што пацвярджае права бясплатнага атрымання пуцёўкі. Асобы, якія самастойна выплачваюць узносы ў ФСАН, абавязаны прадаставіць інфармацыю, што змяшчаецца ў індывідуальным асабовым рахунку застрахаванага грамадзяніна.
Валянціна ЮРЛЕВІЧ, вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага
абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна.