Чэмпіёнскі почырк Ждановіча. Ляхавіччына спартыўная ў асобах

Якая яна, Ляхавіччына спартыўная ў асобах? Знаёмства пачынаем з майстра спорту міжнароднага класа па сучасным дзесяцібор’і Аляксандра Ждановіча. Пра земляка расказвае дырэктар Ляхавіцкай ДЮСШ Валянціна РУСАКЕВІЧ:
– Першыя крокі ў спорце вясковы хлопчык Аляксандр Ждановіч рабіў на ўроках фізкультуры ў сваёй роднай Жарабковіцкай сярэдняй школе. Узор для пераймання быў побач – настаўнік фізкультуры Сцяпан Іванавіч Шклянік. Гэта ён убачыў у Аляксандры будучага чэмпіёна, прывіваў любоў да спорту. Трэніроўка за трэніроўкай – і
з’явіліся першыя заслужаныя перамогі: спачатку на раённай спартакіядзе школьнікаў, а пасля на абласных спаборніцтвах. У 14-гадовым узросце Аляксандр Ждановіч стаў чэмпіёнам рэспубліканскай спартакіяды ў бегу на 110 метраў з бар’ерамі. А пасля падлетка залічылі ў школу-інтэрнат спартыўнага профілю ў Гомелі, дзе яго трэнерам стаў Аляксандр Агафонаў. Спачатку Аляксандр Ждановіч адточваў майстэрства ў спрынтарскіх дысцыплінах: бег на 110, 200, 300 метраў з бар’ерамі, стаметроўка. Потым спрабаваў свае сілы ў скачках у даўжыню з разбегу, трайным скачку. Важкае слова ў выхаванні прафесійнага мнагаборца сказаў трэнер Аляксандр Бліняеў. Менавіта пад яго кіраўніцтвам наш зямляк засвоіў майстэрства скачкоў у вышыню з шастом, штурхання ядра, кідання кап’я, дыска, бегу на сярэднія дыстанцыі.
Дзякуючы таленту, мэтанакіраванасці, пастаянным трэніроўкам Аляксандр Ждановіч атрымлівае безліч перамог на розных узроўнях. Становіцца двухразовым пераможцам чэмпіянату СССР сярод юніёраў, чэмпіянату БССР у шматбор’і. Таксама ён удзельнічаў у чэмпіянатах Еўропы і свету ў лёгкаатлетычным дзесяцібор’і. У лёгкаатлетычным матчы СССР – Англія наш зямляк заваяваў чацвёртае месца. А на чэмпіянаце свету сярод юніёраў, які праходзіў у Канадзе, стаў пятым. І гэта далёка не поўны пералік спартыўных вяршынь, якія пакарыў Аляксандр Ждановіч. Нездарма ў рэйтынгу 100 лепшых дзесяціборцаў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ждановіч знаходзіцца на 11-й пазіцыі.
Сёння Аляксандр Аляксеевіч працуе старшым выкладчыкам па фізічным выхаванні і спорце ў Ваеннай акадэміі і выхоўвае прафесійных абаронцаў Айчыны. Часта наведвае сваю малую радзіму – Жарабковічы. Па маг-чымасці заязджае ў нашу ДЮСШ, сустракаецца з выхаванцамі і трэнерамі-выкладчыкамі. Для юных спартсменаў Аляксандр Ждановіч – прыклад мужнасці, адданасці спорту, таго, як трэба любіць і паважаць сваю Радзіму. Ганарымся такімі землякамі.




