Ляхавічане пра Пасланне Прэзідэнта. Усе этапы аказання меддапамогі людзям павінны выконвацца незалежна ад ўзросту чалавека і месца яго пражывання

Яна ДЗЕДУЛЬ, урач Ляхавіцкай ЦРБ, старшыня Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў:
– Спачатку разам з калегамі слухалі Пасланне Прэзідэнта, а потым яшчэ і дома некаторыя моманты пераглядвалі разам з мужам. За больш чым дзве гадзіны выступлення Кіраўніка дзяржавы, а далей і падчас дыялогу з удзельнікамі Другога пасяджэння Усебеларускага народнага сходу можна было атрымаць адказы на самыя важныя пытанні, якія стаяць на парадку дня ў нашай краіне.
Пасля таго, як Аляксандр Рыгоравіч агучыў галоўныя дасягненні гэтай пяцігодкі, злавіла сябе на думцы, што пачуццё гонару за Радзіму стала яшчэ мацней. Разумееш, што за звычайнымі лічбамі стаіць штодзённая работа мільёнаў беларусаў. І гэта не проста статыстыка, а адлюстраванне таго, як пазітыўна мяняецца жыццё вакол нас: ствараюцца сучасныя прадпрыемствы і вытворчасці, расце якасць адукацыі, усё даступней нават для жыхароў самых аддаленых населеных пунктаў становіцца медыцынская дапамога, ствараюцца новыя працоўныя месцы. Усведамляючы гэта, пачынаеш яшчэ больш цаніць працу людзей і сам стараешся працаваць і дзейнічаць яшчэ стваральней.
Пытанні маладзёжнай палітыкі нязменна знаходзяцца ў фокусе ўвагі нашага Прэзідэнта. І падчас выступлення на УНС Кіраўнік дзяржавы спыніўся на ключавых момантах – ад атрымання якаснай адукацыі і паспяховага кар’ернага старта да ўсебаковай падтрымкі моладзі.
Кранулі словы Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што выпускнікі медыцынскіх ВНУ павінны быць гатовымі пачынаць свой працоўны шлях з ФАПаў, амбулаторый, раённых бальніц. І гэта сапраўдная школа станаўлення медыка. Мы з мужам родам з невялікіх раённых цэнтраў і ведаем, як неабходна, каб не толькі ў абласных цэнтрах, але і на раённым узроўні насельніцтва атрымлівала сучасную меддапамогу. Прэзідэнт у чарговы раз звярнуў увагу, што ўсе этапы аказання меддапамогі людзям – ад ранняга выяўлення хваробы, комплекснага лячэння да рэабілітацыі павінны выконвацца незалежна ад ўзросту чалавека і месца яго пражывання.

