Ляхавічане пра Пасланне Прэзідэнта народу і Парламенту. Аснова эканомікі – рабіць сваю справу сумленна і з душой

Наталля ІСАХАНАВА, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»:
Якой будзе Беларусь, залежыць толькі ад нас! Словы Прэзідэнта падчас Паслання беларускаму народу і Парламенту прагучалі як заклік да дзеяння і сталі сапраўднай формулай дзейнасці на новую пяцігодку. Важна, што ўсе агучаныя прыярытэты развіцця ідуць ад жыцця і актуальныя для беларускага народа. Упэўнена, у Пасланні кожны, нягледзячы на прафесію і род занятку – маці ў дэкрэце, пенсіянер, кіраўнік буйнога прадпрыемства ці рабочы, – мог знайсці водгук на свае чаканні. Як маці маладога спецыяліста не на словах ведаю, якой дзяржаўнай увагай і падтрымкай сёння акружана моладзь.
Вельмі своечасова і актуальна прагучала ідэя пра стварэнне вёсак-спадарожнікаў. Гэта можа стаць варыянтам вырашэння праблемы пошуку кадраў, напрыклад, для сацыяльнай службы. Сёння нам патрэбны сацработнікі, якія будуць аказваць дапамогу пажылым і непрацаздольным грамадзянам.
У нас, беларусаў, маецца ўсё для таго, каб плённа працаваць і добра жыць. Свет, сапраўды, непрадказальны, але краіна, дзе кожны на сваім працоўным месцы да сваіх абавязкаў падыходзіць адказна і з верай у заўтрашні дзень, валодае ўстойлівасцю і бязмежным патэнцыялам. Аснова эканомікі – рабіць сваю справу сумленна і з душой.

