У “Востраве” мараць пра пашу. Вельмі чакаюць гэту вясну ў СВК “Востраў-Агра Ляхавіцкага раёна

Вельмі чакаюць гэту вясну ў СВК “Востраў-Агра”: каб хутчэй зазелянелі сенажаці, паша, і збылася мара тутэйшых жывёлаводаў – выгнаць на траву грамадскі статак, які ўжо даўно корміцца пакупнымі кармамі. Сельгаскааператыў купляе сілас у СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”, у лік будучага ўраджаю адпускаюцца канцэнтраты з “Баранавічхлебапрадукта”. Даводзіцца жорстка эканоміць, лічыць. Напрыклад, кармы з СВК “Жарабковічы” і транспартныя расходы на іх дастаўку аказаліся вельмі дарагімі, і ў Востраве вымушаны ад іх адмовіцца. Усё, што ёсць з канцэнтратаў, – прыкладна машына аўса, які збіраюцца змалоць, – усё ж на некаторы час будзе падтрымка жывёле.

У такіх умовах не дзіва, што надоі зменшыліся. У дзень наведвання ў гаспадарку (6 красавіка) ад кожнай каровы надойвалі па 7,8 літра малака, а на малаказавод адпраўлялася яго 3 тоны. Тым не менш, якасць малака тут высокая. З трох тон гатункам экстра прадаецца 2250 кілаграмаў малака. Значыць, патэнцыял грамадскага статка добры, і можна спадзявацца, што ў перыяд пашавага ўтрымання надоі значна вырастуць. Пра гэта гаворыць і новы старшыня СВК Мікалай Малахвей. Разам з намеснікам начальніка райсельгасхарчу Максімам Гульковічам яны аб’язджалі ў гэты дзень пашу і правяралі, якім будзе сёлета травастой, прыкідвалі, калі можна будзе выгнаць статак на зялёную траву.

І ў Востраве, і ў Рагачах пашавыя ўгоддзі знаходзяцца побач з фермамі. Значыць, каровам не давядзецца пераадольваць кіламетры для таго, каб трапіць на дойку. Мінус у тым, што не ўся паша падкормлена – паласатая. Там, дзе ўнесены ўгнаенні, зелянее трава, дзе іх няма, – пуста. Ёсць і яшчэ адзін істотны мінус: апошні падсеў траў на пашы каля Рагачоў быў 9 гадоў назад, таму гаварыць пра багацце травастою нават у самы пік яго росту не даводзіцца. Да таго ж, і такой пашы тут будзе не ўдосталь: прыкладна 30 сотак на карову замест 45 – 50 нарматыўных. Каб кампенсаваць соткі, якіх не хапае, давядзецца гнаць статак далей. І тут, зразумела, для дойкі кароў спатрэбіцца перасоўная ўстаноўка. На балансе сельгаскааператыва, дарэчы, маецца адна з трох самых сучасных у раёне “ўдээсак” (яшчэ па адной – у СВК “Шлях новы” і “Ліпнянка”). Але, калі сталі ацэньваць яе гатоўнасць да работы, то высветлілася, што яшчэ летась яна была разукамплектавана. Запчасткі з яе вазілі з адной фермы на другую, у выніку, наогул прапалі і рухавік, і шлангі, і вакуумныя покрыўкі і многае іншае. Спецыялісты з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” у якасці спонсарскай дапамогі ўзяліся вызначыць ступень непрыгоднасці перасоўнай даільнай устаноўкі і, магчыма, адрамантаваць.

Новы старшыня вельмі ўдзячны за такое вырашэнне гэтага пытання, бо грошай у гаспадарцы “набягае” толькі на выплату зарплаты. Як пацвярджэнне – тэлефонны званок з Полацка: людзі просяць заплаціць ім доўг 26 мільёнаў рублёў за поліэтыленавую плёнку, якую сельгаскааператыў браў у іх яшчэ ў 2013 годзе. А грошай няма: толькі па рашэннях гаспадарчых судоў СВК павінен каля двух мільярдаў рублёў. Даўгі ў сельгаскааператыве накопліваліся дзесяцігоддзямі. Напрыклад, яшчэ ў 2011 годзе ў адной з фірмаў без папярэдняй аплаты “куплялі” нешта на 9 мільёнаў рублёў. Узялі і “забыліся”, што трэба разлічвацца. За гэты час, з улікам пені, давядзецца выплаціць ужо 42 мільёны рублёў… Вось такая безгаспадарчасць і безадказнасць. Ды і не толькі ў фінансавых справах.

На Рагачоўскай ферме ўпала бетонная агароджа. Загадчыца МТФ Тамара Зубік заклапочана: без прыцягнення тэхнікі і людзей пытанне не вырашыш. Хвалюецца Тамара Анатольеўна і пра тое, што кармоў няма, закончылася нават соль-лізунец.

–Хутчэй бы выгнаць статак на пашу, – гаворыць загадчыца МТФ. – Мы гатовы распачаць пашавы перыяд. У нас сфарміраваны штат пастухоў, захаваўся патрэбны інвентар, ёсць ёмістасці для вады. І жывёлам лепш, і на ферме можна было б весці рамонтныя работы…

Плануецца раздзяліць кароў на тэхналагічныя групы, задзейнічаць пакуль пустуючае радзільнае аддзяленне. Памяшканне яго, дарэчы, рэканструявана па ўсіх тэхналагічных патрабаваннях. Наогул, старшыня разлічвае зрабіць стаўку на развіццё жывёлагадоўлі, павелічэнне пагалоўя кароў.

Ёсць тут і рознаўзроставая група цялушак для аднаўлення статка. Аднак ізноў праблема: з-за недахопу кармоў іх гадуюць да патрэбнай кандыцыі не 16 месяцаў, як таго патрабуе тэхналогія, а на 10 месяцаў больш.

Праблемы наслаіліся адна на другую не толькі ў жывёлагадоўлі. Пачалася адказнейшая веснавая пасяўная кампанія, якая патрабуе канцэнтрацыі сіл і сродкаў, а яны практычна адсутнічаюць. Гаспадарцы выдзелены крэдыт на набыццё 26 тон паліва, неабходна яшчэ закупіць насенне кукурузы, траў, сродкі аховы раслін, угнаенні…

Вельмі важна выбраць правільны далейшы курс, каб рацыянальна выкарыстаць той патэнцыял, які яшчэ захаваўся ў сельгаскааператыве.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *