Для чаго ляхавічанка ўзяла крэдыт на суму больш за чатыры тысячы рублёў і як развіталася з грашыма

Атакуюць “добразычліўцы”
На кантакт з ляхавічанкай 1973 г. н. у месанджары выйшаў незнаёмец і прадставіўся супрацоўнікам Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Ілжэбанкаўскі работнік паведаміў жанчыне, што з яе рахунка нібыта фінансуюцца баявыя дзеянні ва Украіне, і з-за гэтага на яе могуць завесці крымінальную справу, а рахунак будзе заблакіраваны. “Добразычлівец” дадаў, што на ляхавічанку ўжо аформлены крэдыт, і для яго “анулявання” ёй неабходна… аформіць яшчэ адзін крэдыт. Зламысніку атрымалася ўгаварыць жанчыну. Яна ўзяла ў банку крэдыт на суму больш за чатыры тысячы рублёў і калі атрымала новую пластыкавую картку, то паведаміла махляру яе рэквізіты. Пасля гэтага ўся крэдытная сума была спісана з рахунку.

Яшчэ адна ахвяра зламыснікаў – ляхавічанка 1960 г. н.– павялася на перакананні пра неабходнасць дэкларавання грошай. Вынік – развіталася з сумай, якая перавысіла 4 800 рублёў.

Сучасныя зламыснікі прыдумваюць усё новыя схемы, каб завалодаць чужымі грошамі. Але абараніць сябе можна, калі быць пільнымі і не весціся на “развод”.
Нікому і ніколі не паведамляйце коды з СМС, паролі ад інтэрнет-банку і код з карткі (тры лічбы на адвароце).
Не пераходзьце па падазроных спасылках ад незнаёмцаў, нават калі яны «ад банка», «ад службы дастаўкі» ці «ад добрага сябра». Калі трэба праверыць штосьці, – варта зайсці на афіцыйны сайт.
Калі новы ці «добры» знаёмы просіць паведаміць нумар карткі ці падтрымаць яго фінансава – гэта на 99 працэнтаў афёра.
Банк, міліцыя, пошта, Белтэлекам і іншыя службы не тэлефануюць і не пішуць з патрабаваннем перавесці грошы ці паведаміць даныя карткі. Такія паведамленні – падробка. Пры заказе тавару ў інтэрнэце, варта вывучыць “гісторыю” акаўнта і дзеля бяспекі рабіць заказ накладным плацяжом.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.