Ляхавічанін знайшоў на гандлёвай пляцоўцы ў інтэрнэце аўтамабіль і звязаўся з яго прадаўцом. Што ў выніку
Замежны госць
Жыхарка раёна 1948 г. н. перапісвалася ў месанджары са сваім знаёмым, які жыве за мяжой. Каб прыехаць да яе ў госці, ён папрасіў перавесці яму 500 долараў. Пенсіянерка зрабіла ў банку новую картку для міжнародных пераводаў. Калі спрабавала аформіць перавод, аперацыя не праходзіла. Пры паўторнай спробе картка была заблакіравана. Менавіта гэта і выратавала жанчыну ад страты грошай. Яна зразумела, што ледзь не трапіла на вуду зламыснікаў і напісала заяву ў міліцыю.
Сумніўнае аўто
Ляхавічанін знайшоў на гандлёвай пляцоўцы ў інтэрнэце аўтамабіль і звязаўся з яго прадаўцом. Той расказаў, што на гэты транспартны сродак у яго ўжо маюцца кліенты. Каб забраніраваць машыну, патрабаваўся задатак. Наш зямляк перавёў на карт-рахунак 100 рублёў, а пасля, для большай пераканаўчасці, яшчэ 200 рублёў. Дамовіліся на сустрэчу, але аўтаўладальнік перастаў выходзіць на сувязь…
Па ўсіх фактак РАСК узбудзіў крымінальныя справы.
Сучасныя зламыснікі прыдумваюць усё новыя схемы, каб завалодаць чужымі грошамі. Але абараніць сябе можна, калі быць пільнымі і не весціся на “развод”.
Нікому і ніколі не паведамляйце коды з СМС, паролі ад інтэрнет-банку і код з карткі (тры лічбы на адвароце).
Не пераходзьце па падазроных спасылках ад незнаёмцаў, нават калі яны «ад банка», «ад службы дастаўкі» ці «ад добрага сябра». Калі трэба праверыць штосьці, – варта зайсці на афіцыйны сайт.
Калі новы ці «добры» знаёмы просіць паведаміць нумар карткі ці падтрымаць яго фінансава – гэта на 99 працэнтаў афёра.
Банк, міліцыя, пошта, Белтэлекам і іншыя службы не тэлефануюць і не пішуць з патрабаваннем перавесці грошы ці паведаміць даныя карткі. Такія паведамленні – падробка. Пры заказе тавару ў інтэрнэце, варта вывучыць “гісторыю” акаўнта і дзеля бяспекі рабіць заказ накладным плацяжом.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.

