Ляхавіцкая старонка ў спорце высокіх дасягненняў

Багата ляхавіцкая зямля на працавітых людзей. Сярод іх і таленавітыя землякі, якія праслаўляюць сваю малую радзіму ў розных галінах і сферах жыццядзейнасці. Тычыцца гэта і спартыўных дасягненняў. Чэмпіёны свету і Еўропы, першынства СССР і БССР, Рэспублікі Беларусь, абласных спаборніцтваў, майстры спорту – гэтыя дасягненні падуладны і спартсменам, якія родам з Ляхавіцкага раёна. Давайце яшчэ раз пазнаёмімся з тымі, чые прозвішчы добра знаёмы аматарам спорту. Яны дастойныя таго, каб і землякі розных узростаў ведалі, ганарыліся і перадавалі наступным пакаленням расказы пра ўраджэнцаў Ляхавіччыны, якія сказалі сваё важкае пераможнае слова ў спорце высокіх дасягненняў.

Святлана Мінеўская (Жыхарава).

Ляхавіччына славіцца гандбольнай школай. На слыху ў многіх пакаленняў імя Святланы Мінеўскай (Жыхаравай) – двухразовай чэмпіёнкі свету ў складзе каманды СССР, заслужанага майстра спорту. Яшчэ школьніцай (а вучылася яна ў СШ № 2) Святлана Жыхарава пачынала свае першыя крокі ў гандболе ў Ляхавіцкай спартшколе. Гэта на яе і сёння трымаюць раўненне юныя землякі-гандбалісты, прычым не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. Памятаю, як хадзілі на гандбольныя матчы ў спартшколу і нават спрачаліся, колькі галоў заб’е Святлана Жыхарава ў матчы.

Шасцікласніца Святлана Жыхарава гуляла за жаночую зборную Ляхавіцкага раёна, у гандбол яна прыйшла следам за сваімі старэйшымі братамі. У 15-гадовым узросце гуляла ў складзе гандбольнай зборнай Беларускага палітэхнічнага інстытута,
а праз два гады ў 1986 годзе яна стала першай беларускай гандбалісткай – чэмпіёнкай свету (чэмпіянат праходзіў у Нідэрландах) у складзе зборнай СССР. Праз чатыры гады яна паўтарыла свой трыумф у Южнай Карэі. Святлана зрабіла выдатную кар’еру ў спорце: з усіх беларускіх прадстаўнікоў у гульнявых відах спорту толькі яна – двойчы чэмпіёнка свету па гандболе.

Вячаслаў Дыдышка.

Напэўна, не ўсе аматары шахматаў ведаюць, што 11-разовы чэмпіён Беларусі па шахматах Вячаслаў Дыдышка родам  з Ліпска Ляхавіцкага раёна. Ён нарадзіўся 10 сакавіка 1949 года ў мнагадзетнай
сялянскай сям’і. Усе пяцёра дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю. Вячаслаў, як, дарэчы, два яго браты і сястра, закончыў школу
з залатым медалём. Захапленне шахматамі пачалося яшчэ ў дашкольным узросце. Школьнікам неаднойчы выступаў на раённых і абласных спаборніцтвах, нямала матчаў выйграваў. І паступова да Славы прыйшла шахматная слава.
З успамінаў (датаваныя 1962 годам) вядомага брэсцкага трэнера па шахматах Уладзіміра Шапіры: «Прыемнай нечаканасцю на камандным абласным першынстве быў поспех юных шахматыстаў Ляхавіцкага раёна, якія занялі другое месца. Сталую і ўдумлівую гульню прадэманстраваў шасцікласнік Вячаслаў Дыдышка, які за 18 хадоў разграміў пазіцыю вопытнага брэсцкага першаразрадніка».
Пасля шостага класа Вячаслаў пераехаў у Мінскі спартыўны інтэрнат для шахматнага ўдасканалення. Юнак з чырвоным дыпломам закончыў матэматычны факультэт БДУ.

Талент і вялікая працаздольнасць, настойлівасць і высокі інтэлект паспрыялі таму, што Вячаслаў у 1967 годзе стаў майстрам спорту, а ў 1982 годзе – міжнародным майстрам, а таксама 11-разовым чэмпіёнам Беларусі. У актыве майстра-шахматыста нямала перамог на ўсесаюзных турнірах, ён дастойна абараняў гонар БССР на чэмпіянатах СССР, на Сусветных шахматных алімпіядах. На яго рахунку вікторыі над чэмпіёнамі свету Анатоліем Карпавым і Гары Каспаравым.
На працягу многіх гадоў Вячаслаў Дыдышка – трэнер па шахматах, яму ў 2013 годзе прысвоена званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь». Ляхавіччына мае дачынне і да паралімпійскіх відаў спорту. Гэта стала магчымым дзякуючы нашаму земляку Дзмітрыю Лобану, неаднаразоваму прызёру паралімпійскіх гульняў, чэмпіёну Кубка свету, прызёру чэмпіянатаў свету, уладальніку «Крыштальнага глобуса», пераможцу адкрытага рэспубліканскага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2012» у намінацыі «За волю да перамогі».
Дзмітрый Лобан нарадзіўся 3 мая 1981 года ў вёсцы Ганчары, закончыў ПТВ, працаваў будаўніком. У 2003 годзе ў выніку няшчаснага выпадку Дзмітрый атрымаў інваліднасць, але не скарыўся, прыклаў нямала сіл і стаў займацца спортам у якасці спартсмена-калясачніка. Ён – прыклад сапраўднага чалавека з моцнай сілай волі, мужны, чыя галоўная перамога – над абставінамі, над выпрабаваннямі лёсу.
Дарэчы, на сваіх першых стартах у якасці лыжніка і біятланіста Дзмітрый выступаў на лыжах, якія яму падарыў трохразовы чэмпіён свету па біятлоне Вадзім Сашурын. Між іншым, тады Дзмітрый стаў 12-м сярод 40 спартсменаў.

Дзмітрый Лобан.

Ураджэнец вёскі Ганчары ўдзельнічаў у трох Паралімпіядах: у Ванкуверы, Сочы, Пхёнчхане. Першая паралімпійская траса ў канадскім Ванкуверы, дзе Дзмітрый выступаў з сур’ёзнай траўмай, прынесла бронзавы медаль. На гульнях у Карэі Дзмітрыя абралі капітанам каманды Беларусі. Дарэчы, на гэтай Паралімпіядзе ён стаў двойчы сярэбраным прызёрам:  у лыжных гонках і біятлоне.
А яго жонка і падапечная (Дзмітрый яе трэніруе) Лідзія Графеева заваявала дзве бронзы.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ДЮСШ Ляхавіцкага раёна.