Калі лік ідзе на хвіліны… 19 студзеня выратавальнікі Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята

Ёсць прафесіі, дзе гатоўнасць да подзвігу не выключны ўчынак,
а штодзённая абавязковасць. Адна з такіх – выратавальнік-пажарны.

Гэтыя людзі не толькі змагаюцца з агнём, яны ліквідуюць наступствы надзвычайных сітуацый і праводзяць аварыйна-аднаўленчыя работы, вызваляюць людзей з разбітых у аварыі аўто, абясшкоджваюць небяспечныя рэчывы. Такіх гісторый нямала ў службовай дзейнасці супрацоўнікаў Ляхавіцкага РАНС. Тут кожны валодае выдатнай прафесійнай падрыхтоўкай, хуткай рэакцыяй і ўменнем дзейнічаць у камандзе. Арганізавана і група выратавання на вадзе, а ў кожнай дзяжурнай змене маецца работнік са спецыяльнай падрыхтоўкай. У арсенале – сезонная спецамуніцыя. На ўзбраенні ў РАНС і гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент, маецца і высоўная лесвіца даўжынёй 30 метраў.

Ліпская каманда

 Напярэдадні прафесійнага свята – Дня выратавальніка – карэспандэнт «ЛВ» пабываў на Ліпскім ПАВП № 11, які знаходзіцца ў больш як 30 кіламетрах ад райцэнтра. Аддаленасць накладвае асаблівую адказнасць. Таму ў Ліпскім ПАВП № 11 заўсёды ў баявой гатоўнасці тэхніка, а калектыў з шасці чалавек – адзіная каманда, здольная да вырашэння любой задачы.
Са жніўня мінулага года абавязкі начальніка ПАВП выконвае
Сяргей Рылко. У МНС ён сем гадоў і прызнаецца, што з дзяцінства марыў быць выратавальнікам. Аднойчы на спаборніцтвах яго, трэнера па футболе, запрасілі ў рады агняборцаў. Пачынаў з ПАВЧ № 1 выратавальнікам-пажарным. Прайшоў спецыяльную падрыхтоўку для аказання дапамогі тым, хто трапляе ў бяду на вадзе. Аднак найбольш складаныя моманты службы звязаны з агнём. Прызнаецца, што назаўсёды ў памяці, як у Шчэрбаве разам з вадзіцелем ім удалося выратаваць з ахопленага полымем дома двух чалавек…

У справе – прафесіяналы

Тэрыторыя, якую абслугоўвае пост, характарызуецца вялікай колькасцю лясоў. Дзясяткі разоў Сяргей Рылко разам з калегамі выходзілі на пошукі грыбнікоў-ягаднікаў. І заўсёды вынікова. Восенню шукалі вяскоўца, які другі раз за год заблудзіў у лесе. Сяргей Рылко адзначае, што пры паходзе ў лес важна ў першую чаргу ўзяць запалкі, зараджаны тэлефон, ліхтарык. Простыя правілы могуць выратаваць жыццё.


Старшы інструктар-выратавальнік Віктар Гатоўчыц прыгадвае, як у 90-х – пачатку 2000 гадоў тушылі тарфянікі ў Свяціцы і Навасёлках. Здаецца, агонь перамаглі. А ён затойваецца і зноў пачынае «працаваць».
Вопытны агняборца адзначае, што гаспадарам дамоў, перш чым выпальваць траву, варта ўзважыць ўсе за і супраць. І лепш не рабіць такую сухую чыстку.
Віктар Гатоўчыц аддаў службе ў Ліпскім ПАВП № 11 амаль тры дзесяцігоддзі. Яго шлях у прафесію пачаўся выпадкова, але для калег з першых дзён стаў надзейным, мужным і рашучым таварышам, на якога можна спадзявацца ў любой сітуацыі. Спачатку кіраваў ЗІЛ-130 і ГАЗ-66. Пасля перасеў на дзесяцітонны МАЗ, за рулём якога таксама даказаў сваё майстэрства. Адзначае, што калі сеў у новае аўто, адчуў асаблівы гонар за краіну, дзе вырабляюць такую сучасную тэхніку, і за сваю службу. Тры гады назад Віктар Гатоўчыц змяніў пасаду вадзіцеля на старшага інструктара-выратавальніка. І тут трымае высокую прафесійную планку і працягвае сяброўства са спортам. Паказвае клас у бегу, плаванні, на лыжні. Днямі ў абласных спаборніцтвах МНС па лыжных гонках у асабістым заліку заняў другое месца. За прафесіяналізм неаднаразова атрымліваў граматы і падзякі, узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені.

Заслужаным аўтарытэтам у калег карыстаецца старшы інструктар-выратавальнік Сяргей Зянько. У прафесіі ён з 2014 года, пэўны час узначальваў Ліпскі ПАВП, быў камандзірам аддзялення паста. Сяргей Зянько ведае: рызыка – неад’емная частка службы. Але надзвычайныя сітуацыі яны з калегамі пераадольваюць дзякуючы прафесійнай падрыхтоўцы і ўзаемадапамозе. Жыццярадасны і нераўнадушны, падчас водпуску традыцыйна знаходзіцца за штурвалам камбайна – дапамагае ўбіраць ураджай.

На выручку аграрыям прыходзіць і вадзіцель Ліпскага ПАВП № 11
Генадзій Хмарук. Яго практычна 10-гадовы вопыт і адказнасць – гарантыя таго, што экіпаж трапіць на месца выкліку ў любое надвор’е і ў любы час сутак.

Сплаў маладосці і вопыту

У калектыве Ліпскага ПАВП два гады служыць Максім Вайцешык.
– Спрытна і хутка спраўляцца з вогненнай стыхіяй марыў з дзяцінства, – прызнаецца Максім. Пасля заканчэння Баранавіцкага каледжа машынабудавання пайшоў на кантракт у пажарную службу. І сёння адзначае, што ганарыцца службай побач са старэйшымі калегамі, на рахунку якіх дзясяткі баявых выездаў. Максім дзеліцца, што спачатку было крыху нязвыкла апранаць баёўку са спецамуніцыяй. Але дапамагаюць трымаць неабходную форму трэніроўкі, якія ў пастаянным службовым раскладзе.
У прафесіі выратавальнікаў няма дробязяў. Значэнне маюць і бездакорнае веданне маршрутаў, і ўменне адчуваць машыну. І з гэтым выдатна спраўляецца вадзіцель Генадзій Аніскевіч, які дзесяцігоддзе за рулём выратавальнай тэхнікі Ліпскага паста.
– Наша служба – больш, чым прафесія. Гэта абавязак, гонар і давер людзей, якія спадзяюцца на нас у цяжкую хвіліну. Дзякуй за прафесіяналізм, мужнасць і самаадданасць. За тое, што ніколі не ставіце пад сумненне слова «трэба». Жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, міру і дабрабыту, – адрасуе словы ўдзячнасці і пажаданні калектыву РАНС яго начальнік Юрый Буйкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.