На лядовай арэне ляхавіцкіх  вуліц. Як паводзіць сябе ў галаледзіцу

На змену снегападам і маразам прыйшла адліга. Усе «радасці» такіх арэляў паспелі адчуць на сабе і жыхары Ляхавіцкага раёна.

Пад нагамі слізка, а зверху лье дождж. У такіх умовах раніцай
27 студзеня землякі крок за крокам дабіраліся на работу, у школу, па іншых справах. Зразумела, што адразу прыбавілася клопатаў дарожнікам, камунальнікам і іншым службам, якія яшчэ не паспелі адпачыць ад барацьбы са снегам. Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі расказаў, што камунальнікі працуюць у штатным рэжыме. У першую чаргу апрацоўваюць супрацьгалалёднай сумессю тратуары, пасадачныя пляцоўкі прыпынкаў гарадскога транспарту, пешаходныя пераходы, падыходы да школ, дзіцячых садкоў, райбальніцы, пешаходныя дарожкі. На азначаных работах задзейнічаны 18 работнікаў плюс тэхніка.

Сёння  з 4 гадзін раніцы пачаўся працоўны дзень у работнікаў ДРБУ-200. Дарожнікі ўсе сілы кінулі на апрацоўку праезнай часткі сельскіх дарог пясчана-салянай сумессю.

Медыкі раяць, каб не стаць ахвярай галалёду, варта перасцерагчыся. Трэба ўважліва глядзець пад ногі, абыходзіць небяспечныя месцы. Калі слізкае месца нельга мінуць, перамяшчацца па ім лепш невялікімі крокамі на крыху сагнутых нагах, наступаць на ўсю падэшву. Не варта выбіраць абутак на высокім абцасе, лепш на нізкім з рэльефнай падэшвай. І самае галоўнае: калі траўмы не ўдалося пазбегнуць, абавязкова звярніцеся за медыцынскай дапамогай.
Будзьце асцярожныя – зіма прадаўжаецца.
Галіна КАНЬКО.