Сёння – Дзень роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску

Родная, прыгожая, напеўная – гэта ўсё яна, беларуская мова. Як прыемна і цудоўна, што ў нашай краіне мову шануюць, клапоцяцца пра яе захаванне.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

А колькі цудоўных падарункаў у выглядзе разнастайных творчых і літаратурных конкурсаў, акцый, флэшмобаў, фестываляў ладзяцца да Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

І ляхавічане актыўна прызнаюцца ў любві да сваёй роднай мовы і беражліва, як самую дарагую каштоўнасць, перадаюць яе ў спадчыну наступным пакаленням. Даволі насычаным на разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы стаў мінулы тыдзень для ўстаноў адукацыі раёна.
20 лютага прайшла рэспубліканская анлайн-дыктоўка па беларускай мове на радыё «Культура». А 19 лютага ў купалаўцы разгарэліся інтэлектуальныя спаборніцтвы на лепшых знаўцаў роднай мовы. Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама сумесна з супрацоўнікамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы арганізавалі інтэлектуальную гульню «Мова маёй зямлі». Каманды «Васількі» (працоўная моладзь з розных устаноў і арганізацый Ляхавіччыны) і «Зоркі» (навучэнцы аграрнага каледжа) на працягу тэматычных раўндаў высвятлялі, хто лепшы знаўца роднай мовы. Эмоцыі зашкальвалі, заданні былі
цікавымі, таму моладзі давялося прыкласці нямала інтэлектуальных сіл, каб адказаць на пастаўленыя пытанні. Напрыклад, у раўндзе «Тлумачальнік» неабходна было растлумачыць значэнне рэдка ўжывальных слоў накшталт «верашчака», «сцірта», «лузан», «шыба», «зімнік». Дарэчы, і нашы чытачы могуць паспрабаваць сябе ў якасці ўдзельнікаў гульні, праверыць свае веды і перакласці з беларускай на рускую мову наступныя словы: хмарачосы, пыска, кавярня, абцас.

Этнаграфічны раўнд стаў сапраўдным падарожжам у мінулае: на экраіне дэманстраваліся выявы прадметаў народнага побыту, і трэба было дакладна іх назваць. Канкурсанты з задавальненнем пазнавалі рэчы. А лінгвістычны тур стаў выпрабаваннем на ўважлівасць і разуменне тэксту. У раздзеле «Прадоўжы твор» удзельнікі дэманстравалі веданне класічнай беларускай паэзіі. Па меркаванні членаў журы, удзельнікі паказалі добрыя веды роднай мовы, гісторыі і культуры Беларусі. Па выніках усіх раўндаў перамагла каманда «Васількі».
Такога кшталту мерапрыемствы спрыяюць выхаванню цікавасці да роднай мовы, выхоўваюць павагу да роднага слова і дапамагаюць захаваць культурныя традыцыі нашага народа.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.