Адкрытая размова пра вынікі і перспектывы. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык на гэтым тыдні даў вялікую прэс-канферэнцыю для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі

У цэнтры ўвагі – вынікі развіцця рэгіёна ў 2025 годзе і планы на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву, на рэалізацыю якіх будзе скіравана Брэстчына. Інфармацыя з першых вуснаў самая дакладная, а нярэдка – абсалютна эксклюзіўная.
Абнаўленне для аграгарадка і не толькі
Кіраўнік вобласці расказаў прадстаўнікам медыясупольнасці рэгіёна пра ключавыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна ў 2025 годзе.
Мэтай на будучую пяцігодку і 2026 год у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці абазначаны пераход да новай якасці жыцця, у тым ліку стварэнне ў вёсках і аграгарадках асяроддзя пражывання, якое прапануе асаблівасці і перавагі сельскага ўкладу жыцця і гарадскія стандарты інфраструктуры.
– Наша задача – сцерці адрозненні паміж аграгарадкамі і гарадамі, – падкрэсліў кіраўнік Брэстчыны, адказваючы на пытанне пра тое, якім чынам плануецца павысіць прывабнасць жыцця на вёсцы.
Безумоўна, фундамент моцнай сацыяльнай мадэлі – эканоміка, якая ў аграрным рэгіёне базіруецца ў многім на развіцці АПК. Акрамя завяршэння раней пачатых праектаў, на Брэстчыне практычна ва ўсіх раёнах плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя малочнатаварных комплексаў і фермаў – усяго 58 аб’ектаў, расказаў Пётр Пархомчык.
Ён адзначыў, што нарошчванне індустрыяльнага патэнцыялу працягнецца развіццём вытворчасцей з выкарыстаннем мясцовых сыравінных рэсурсаў. Асобная ўвага – фарміраванню сучаснай інфраструктуры індустрыі гасціннасці: узвядзенню і рэканструкцыі
санаторна-курортных і аздараўленчых аб’ектаў, месцаў для здаровага адпачынку – гучалі канкрэтныя адрасы праектаў.
Зразумела, што не застануцца без дзяржаўнай увагі і інвестыцый сферы аховы здароўя і адукацыі: запланаваны будаўніцтва і рэканструкцыя школ, бальніц і паліклінік, павелічэнне колькасці перасоўных медыцынскіх комплексаў.
Брэстчына турыстычная
Выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, Прэзідэнт задаў арыенцір на развіццё турызму. Журналісты пацікавіліся патэнцыялам Першага рэгіёна ў гэтай сферы.
– Да гэтага пытання маем намер падысці комплексна.
Плануем сфарміраваць турыстычны прадукт з арыентацыяй на розныя ўзроставыя і сацыяльныя групы, індывідуальныя патрэбы і запыты турыстаў. Працягнем развіццё турыстычных брэндаў Брэсцкай вобласці – мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» і Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Разам з тым развіццё турызму ў рэгіёне будзе накіравана на павышэнне якасці сэрвісу, стварэнне дадатковай інфраструктуры, а таксама актыўнае прасоўванне турыстычных магчымасцей рэгіёна на беларускім і замежным рынках, – расказаў Пётр Пархомчык.
Ён падзяліўся меркаваннем, што Брэстчына з’яўляецца прывабнай пляцоўкай для актыўнага і экалагічнага турызму, аграэкатурызму.
Асаблівае месца ў рэгіёне займаюць гісторыка-культурныя маршруты з патрыятычным складнікам. Плануецца распрацаваць новы прадукт – палацавы маршрут «Залатое кальцо Брэстчыны», які ахопіць значныя турыстычныя лакацыі і палацава-паркавыя комплексы з элементамі падзейнага турызму.
Дэмаграфічны інтарэс
Даволі востра сёння стаіць пытанне дэмаграфічнай бяспекі. Старшыня аблвыканкама падзяліўся, як на Брэстчыне плануюць утрымаць лідарства па нараджальнасці. Так, павелічэнню нараджальнасці павінна паспрыяць умацаванне інстытута сям’і, што прадугледжвае, акрамя іншага, развіццё сацыяльнай інфраструктуры і фінансавую падтрымку. Асноўныя меры ўключаюць пашырэнне сеткі ясельных устаноў для ранняга выхаду маці на работу, стварэнне камфортных умоў для выхавання дзяцей і развіццё даступнага сацыяльнага асяроддзя.
Бонус для бізнесу
На якую падтрымку можа разлічваць малы бізнес – яшчэ адно з пытанняў, што цікавілі прадстаўнікоў СМІ.
– Традыцыйна мы аказваем бізнесу інфармацыйную, маёмасную і фінансавую падтрымку. Гэта і продаж са зніжэннем кошту аб’ектаў нерухомасці або бязвыплатная перадача пад рэалізацыю праектаў, прадастаўленне зямельных участкаў, зніжэнне ставак
маёмасных падаткаў, ільготныя крэдыты і іншае. Прэфе-
рэнцыі па новым інвестыцыйным заканадаўстве – трансферты, кампенсацыя затрат на будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры, вызваленне ад падаткаў, мытных пошлін і іншае. У вобласці рэалізуецца пілотны праект па стварэнні індустрыяльных паркаў у гарадах Баранавічы і Пінск. Частка аб’ектаў ужо ўведзена, і наш бізнес мае ўнікальную магчымасць размясціць свае вытворчасці на прывабных умовах. У абласным бюджэце штогод прадугледжваем сродкі (4,1 мільёна рублёў) на льготную крэдытную падтрымку бізнесу. З 2024 года на такую падтрымку могуць разлічваць і суб’екты сярэдняга прадпрымальніцтва. З бягучага года цікавыя прадукты прапануе Банк развіцця. Гэтыя навацыі дадуць магчымасць большай колькасці арганізацый прэтэндаваць на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі. У рэспубліцы таксама ўкаранёны новы фінансавы інструмент з 2025 года – ільготнае крэдытаванне інвестыцыйных праектаў, што рэалізуюцца ў рэгіёнах у рамках пераліку «Рэгіянальная ініцыятыва». У пералік ужо ўключана 37 праектаў па Брэсцкай вобласці, – расказаў кіраўнік Брэстчыны.
Ініцыятыва з падтрымкай
У 2025 годзе ў Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў для ўдзелу ў конкурсе паступіла 48 праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, 16 з якіх прызнаны пераможцамі і атрымалі фінансавую падтрымку са сродкаў бюджэту на рэалізацыю. Дзякуючы гэтым ініцыятывам у населеных пунктах Брэстчыны з’явіліся новыя дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, адрамантаваны і добраўпарадкаваны памятныя месцы, аб’екты масавага
адпачынку грамадзян. Жыхары рэгіёнаў для гэтага пералічылі каля 42 тысяч рублёў, а з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў паступіла амаль 400 тысяч рублёў.
Дарэчы, сярод грамадзянскіх ініцыятыў, што летась атрымалі дзяржаўную падтрымку на рэалізацыю, – узвядзенне памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна
ў Марынове.
У 2026 годзе на падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў будзе накіравана 700 тысяч беларускіх рублёў.
– У апошнія гады мы бачым рэальны рост актыўнасці нашых грамадзян. Гэта датычыцца як сацыяльна-эканамічнага развіцця, так і грамадска-палітычнага жыцця. Ім не абыякавы лёс краіны. Яны гатовы садзейнічаць развіццю сацыяльнай інфраструктуры, ахове прыроды і прыцягненню турыстаў, уключэнню людзей у заняткі спортам, захаванню ўнікальных рыс беларускай культуры і многаму іншаму. Цяпер пошук патрэбных маральна-каштоўнасных арыенціраў і правільная расстаноўка жыццёвых прыярытэтаў набылі асаблівую важнасць, таму наша агульная задача – удасканальваць дзейныя механізмы стымулявання ініцыятыўнай дзейнасці насельніцтва, накіраванай на карысць развіцця Рэспублікі Беларусь, – акцэнтаваў увагу Пётр Пархомчык.
Святлана СТЫКУЦЬ.
Пра экспарт
У 2025 годзе экспарт Брэсцкай вобласці склаў 118 працэнтаў да ўзроўню 2024 года. Упершыню вобласць перасягнула
па экспарце тавараў і паслуг суму 5 мільярдаў долараў.
Расійская Федэрацыя і ў 2026 годзе застаецца прыярытэтным геаграфічным напрамкам у структуры экспарту Брэсцкай вобласці.
У 2025 годзе прадпрыемствы паўднёва-заходняга рэгіёна змаглі павялічыць пастаўкі прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю больш як на 20 працэнтаў да ўзроўню 2024 года.
Пра топ праектаў у эканоміцы
Сярод найбольш маштабных праектаў у эканоміцы
сёння – пілотны праект па будаўніцтве індустрыяльных
паркаў у гарадах Баранавічы і Пінск. У 2026 годзе запланаваны ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў у рамках двух інтэграцыйных праектаў
у Кобрынскім раёне – па стварэнні вытворчасці загатовак штокаў гідрацыліндраў і гідраўлічных размеркавальнікаў, пашырэнні мадэльнага рада гідрацыліндраў.
З партнёрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі прапрацоўваюцца праекты па развіцці цяплічнай гаспадаркі. Знакавы для рэгіёна праект – стварэнне самалёта «Асвей» у Баранавічах.
Пра рамонт дарог
У 2026 годзе ў Брэсцкай вобласці плануецца адрамантаваць
260 кіламетраў аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння і 9 маставых збудаванняў, размешчаных на іх, а таксама 402 кіламетры аўтамабільных дарог мясцовага значэння
і 2 маставыя збудаванні, размешчаныя на іх.

