Намеснік старшыні райвыканкама: у мінулым годзе ў прамысловым сектары Ляхавіцкага раёна забяспечаны рост аб’ёмаў вытворчасці

Знайсці магчымасці для росту эканомікі нават у санкцыйных умовах – патрабаванне Кіраўніка дзяржавы. Вырабіць якасную прадукцыю, выгадна яе рэалізаваць без залішняй затрымкі на складах, забяспечыць унутраны рынак і пашырыцца на экспартны – задачы канкрэтныя.

У мінулым годзе ў прамысловым сектары Ляхавіцкага раёна забяспечаны рост аб’ёмаў вытворчасці. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня, гэта вынік мэтанакіраванай работы па мадэрнізацыі вытворчай базы, акцэнту на выпуск інавацыйнай прадукцыі, пошуку новых рынкаў збыту.
– У Ляхавіцкім раёне многія прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці паказваюць добрыя вынікі, іх прадукцыя канкурэнтаздольная і запатрабаваная. Але ёсць і праблемныя моманты. Напрыклад, у мінулым годзе ТАА «ТМТ» праходзіла працэдуру банкруцтва і, напэўна, далейшы лёс прадпрыемства  быў бы сумны. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва прадпрыемства, пры падтрымцы аблвыканкама і раённай улады ўдалося захаваць прадпрыемства, унікальную для раёна вытворчасць і працоўныя месцы. «ТМТ» заключыла міравое пагадненне з крэдыторамі
па адтэрміноўцы запазычанасці на 10 гадоў. Гэта з’яўляецца паспяховым механізмам санацыі. Такая працэдура дае магчымасць вярнуць прадпрыемства да жыцця. Знойдзены інвестар. Плануецца ўстаноўка новага абсталявання для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці.
У апошнія гады спад вытворчасці назіраўся на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Пошукі выйсця вяліся ў тым ліку з
удзелам райвыканкама. У 2025 годзе Міністэрства эканомікі ўключыла праект нашага кансервавага завода па рэканструкцыі кансервавага цэха ў пералік праектаў «Рэгіянальная ініцыятыва». Прадпрыемства атрымала льготны крэдыт на мадэрнізацыю вытворчасці. Зараз завод заключыў дагаворы на
закупку абсталявання, якое пастаўляецца з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Устаноўка новых ліній па перапрацоўцы бульбы, морквы і капусты дазволіць зменшыць колькасць ручной працы, а таксама павысіць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі і яе якасць.