У Канстытуцыі Беларусі – эвалюцыйны шлях

З моманту свайго прыняцця Канстытуцыя стала надзейным падмуркам для дынамічнага эканамічнага развіцця краіны, умацавання яе аўтарытэту на міжнароднай арэне. Кожны раздзел, кожны артыкул гарантуе надзейную абарону правоў і свабод грамадзян, садзейнічае паслядоўнаму правядзенню сацыяльна-эканамічнай палітыкі, накіраванай на значнае павышэнне якасці жыцця людзей. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – сапраўды народны асноўны дзяржаваўтваральны дакумент. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка 2024 года, выступаючы ў Палацы Незалежнасці на мерапрыемстве, прымеркаваным да 30-годдзя Асноўнага Закона краіны.
У пацвярджэнне народнасці Канстытуцыі варта азірнуцца на некалькі гадоў назад. У 2021-2022 гадах без перабольшвання паўсюдна актыўна абмяркоўваўся прапанаваны праект змяненняў і дапаўненняў ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Дыскусійныя пляцоўкі тады разгортваліся ў працоўных калектывах, падчас работы грамадскіх прыёмных, на старонках друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, у інтэрнэт-прасторы, на тэле- і радыёперадачах. І Ляхавіччына
не засталася ўбаку ад гэтай лёсавызначальнай для беларусаў падзеі. Што ні дзень, то чарговая сустрэча прадстаўнікоў органаў раённай улады з насельніцтвам. Тэма нумар адзін – Асноўны Закон краіны, а значыць, будучыня кожнага з нас.
Канстытуцыя суверэннай Беларусі ўдасканальвалася эвалюцыйна – шляхам ўнясення змяненняў і дапаўненняў, якія прапаноўваў народ. Новая рэдакцыя Асноўнага Закона краіны не ставіла перад сабой мэту мяняць дзяржаўнае ўладкаванне. Час паказаў: краіна развіваецца ў правільным напрамку пры моцнай прэзідэнцкай уладзе.
І сёння наша Беларусь прадаўжае сваю сацыяльна арыентаваную ўнутраную і міралюбівую знешнюю палітыку. Увага – на захаванне суверэнітэту, гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Вельмі важна ў сучаснай геапалітычнай сітуацыі, што ў абноўленай Канстытуцыі ўключаны палажэнні, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну і масавы гераізм народа. Ад нас з вамі залежыць, якой наша Радзіма будзе
сёння і заўтра, у якой Беларусі будуць жыць нашы дзеці і ўнукі.
Галіна КАНЬКО.

