Па прынцыпах беларускай жанчыны

Быць шчаслівай маці, якая дорыць жыццё і выхоўвае дзяцей, клапатлівай жонкай і захавальніцай сямейнага ачага, паспяховай працаўніцай, якая ўносіць уклад у росквіт краіны, – прынцыпы, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў Асноўным Законе дзяржавы – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

15 сакавіка ў Беларусі адзначаюць Дзень Канстытуцыі – свята Асноўнага Закона, які з’яўляецца фундаментам дзяржаўнасці і гарантам правоў кожнага грамадзяніна.

У Канстытуцыі замацаваны найважнейшыя гарантыі для маці, сем’яў і дзяцей. У Год беларускай жанчыны асаблівага прызнання заслугоўваюць жанчыны, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей і пры гэтым паспяхова рэалізуюць сябе ў прафесіі, пераканаўча пацвярджаюць: магчымасці беларускай жанчыны бязмежныя.
Сярод такіх і начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага РАУС Валянціна Бабіч.

На службе Валянціна Бабіч аўтарытэтны і кампетэнтны кіраўнік, які
носіць пагоны практычна два дзесяцігоддзі і мае званне маёра, а дома – пяшчотная і клапатлівая жонка, любімая мама для трох дочак.
– Маім дзяўчынкам пяць, дзесяць і чатырнаццаць гадоў. Тры дачкі – тры характары –Эмілія, Аліса і Юліяна. Стараюся быць для іх сяброўкай, настаўніцай, прыкладам для пераймання, – адзначае мнагадзетная маці, якая жыве ў суседніх Баранавічах, а працуе ў Ляхавічах. Галава сям’і – муж Віталій –  таксама міліцыянер у званні падпалкоўніка на пасадзе намесніка начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Мінскага РУУС. Такая сямейная адметнасць дазваляе цаніць кожную сумесную хвіліну. Разам яны малююць, робяць вырабы і ўдзельнічаюць у разнастайных творчых конкурсах. Аб’ядноўвае сям’ю і музыка. Бацькі любяць спяваць, і іх шматгалоссе прыгожа
дапаўняюць дзіцячыя галасы.
Віталій Уладзіміравіч іграе на трубе і фартэпіяна, дачка Аліса – на фартэпіяна, Эмілія – на гітары. Летась сям’я Бабічаў была адзначана
дыпломам МУС за ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Сям’я! Служым разам!». Для творчага спаборніцтва разам складалі сямейную візітоўку, а пасля дружна адправіліся ў Магілёў на ўручэнне ўзнагароды.
Дысцыпліна, якую выхоўвае міліцэйская служба, дапамагае мнагадзетнай маці арганізаваць дамашні быт з камфортнай утульнасцю. Уменне планаваць, расстаўляць прыярытэты – усё гэта з поспехам працуе і ў сямейным жыцці. А бязмежны запас любві і цярпення, які дае мацярынства, дазваляе спраў- ляцца з няпростымі міліцэйскімі буднямі. Валянціна Бабіч адзначае, што яна шчаслівая
жанчына. І неад’емным элементам гонару і задавальнення разам з сямейнымі радасцямі з’яўляецца і міліцэйская служба.
– Атрыманне пашпартоў у Дзень Канстытуцыі – моцная традыцыя суверэннай Беларусі. Традыцыйна юныя ляхавічане ва ўрачыстай абстаноўцы атрымліваюць свае першыя «дарослыя» дакументы. Дзень Канстытуцыі цесна звязаны з дзейнасцю АГіМ.

Менавіта ў Канстытуцыі замацаваны асновы прававога статусу асобы, правы і абавязкі грамадзян, у тым ліку і права на грамадзянства. А пашпарт, які выдае АГіМ, – матэрыяльнае ўвасабленне канстытуцыйных нормаў, – дзеліцца Валянціна Бабіч.

9 сакавіка Валянціна Бабіч мела гонар стаць удзельніцай сустрэчы з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым. На прыём да
міністра, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы, запрасілі мнагадзетных маці, якія служаць у аддзелах унутраных спраў, і іншых жанчын-міліцыянераў. У аб’яўлены Кіраўніком дзяржавы Год беларускай жанчыны па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў для мнагадзетных маці заснаваны новы нагрудны знак МУС «За асабісты ўклад ва ўмацаванне правапарадку і захоўванне традыцыйных каштоўнасцей». Знак як форма заахвочвання будзе ўручацца жанчынам, якія служаць у падраздзяленнях МУС, узорна выконваюць службовыя абавязкі, папулярызуюць сямейныя каштоўнасці, выхоўваюць траіх і больш дзяцей, а таксама прымаюць актыўны ўдзел у  грамадскай дзейнасці органаў унутраных спраў.

Сярод першых жанчын-міліцыянераў, хто атрымаў нагрудны знак з рук кіраўніка МУС Івана Кубракова, начальнік АГіМ Ляхавіцкага РАУС Валянціна Бабіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.