5 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Народны дакумент

«Наша Канстытуцыя дае магчымасць годна жыць, развівацца, адчуваць сябе ў бяспецы, рэалізаваць самыя смелыя планы і пачынанні на роднай зямлі», – такімі простымі словамі адказвае наш Прэзідэнт на пытанне пра тое, што такое Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

Дакумент сапраўды створаны народам, для народа і з’яўляецца дзейсным абаронцам нашага суверэнітэту і незалежнасці.
Дастаткова праглядзець самы пачатак Канстытуцыі, і адказ прыходзіць да нас сам сабою. Дакумент – народны!
У самым пачатку афіцыйнага тэксту гучаць словы: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з адказнасці за сучаснасць і будучыню Беларусі…». Менавіта мы, беларусы, разумеем адказнасць, а значыць, мэтанакіравана і разумна падыходзім да прыняцця Канстытуцыі –
дакумента, які вызначыць лёс і развіццё на шмат пакаленняў наперад.

«…усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульна-
чалавечых каштоўнасцей…». Мы, беларусы, прымаем Канстытуцыю, добра разумеючы, што мы роўныя з іншымі народамі ў правах, гатовыя да мірнага суіснавання, гатовыя абараняць агульначалавечыя каштоўнасці. Войнаў за стагоддзі было на нашай зямлі шмат. Мы за мірныя і добрасуседскія адносіны з усім светам.
«…грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту…». Беларусы ў цяжкіх выпрабаваннях адстаялі сваю свабоду і стварылі дзяржаву з Канстытуцыяй, якая дае беларускаму народу правы і свабоды, дазваляе нам захоўваць сваю самабытнасць, але пры гэтым паважаць іншыя нацыі і браць ад іх лепшае для сваёй культуры.
«…абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурныя і духоўныя традыцыі…». Канстытуцыя ўвабрала ў сябе многія лепшыя традыцыі заканатворчай дзейнасці самых развітых краін свету. Беларусы рэалізавалі ў Канстытуцыі лепшыя моманты канстытуцыйнага, перадавога заканадаўства свету.
Разам з тым наш народ, прымаючы Канстытуцыю, зацвердзіў у ёй поўны пералік правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Дзяржава ўзяла на сябе адказнасць перад народам за іх рэалізацыю і захаванне. Канстытуцыя – народная, створана для народа і падпарадкоўваецца толькі беларускаму народу як галоўнай крыніцы ўлады ў Рэспубліцы Беларусь.

Таму пачатак Канстытуцыі заканчваецца словамі: «…сцвярджаючы правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства, жадаючы забяспечыць мір і грамадзянскую згоду, дабрабыт грамадзян, непахіснасць народаўладдзя, незалежнасць і росквіт Рэспублікі Беларусь, прымаем гэту Канстытуцыю – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь».
Так, наша Канстытуцыя створана на аснове лепшых традыцый дэмакратычнага заканадаўства чалавецтва, увабрала ў сябе традыцыі і культуру свайго мінулага, накіравана на развіццё ўмоў для самарэалізацыі і свабоды кожнага беларуса, прынята беларускім народам і для народа.
Уладзімір ПОГАС,  настаўнік гісторыі Начаўскай СШ.