Лясы пад аховай. У Ляхавіцкім лясгасе да пажаранебяспечнага сезона пачалі рыхтавацца загадзя

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У Ляхавіцкім лясгасе да пажаранебяспечнага сезона пачалі рыхтавацца загадзя, і дзяжурныя супрацоўнікі лясніцтваў і лясгасаў штодзень манітораць лясы на наяўнасць узгаранняў

3 сакавіка адбыўся агляд гатоўнасці сіл і сродкаў дзяржаўнай лясной аховы, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, Ляхавіцкага РАНС і райбальніцы.

Па традыцыі перад пачаткам агляду медыкі правялі абавязковы навучальны інструктаж па аказанні першай меддапамогі. Затым удзельнікі прыступілі да праверкі тэхнікі і абсталявання пунктаў супрацьпажарнага інвентару і пажарна-хімічных станцый падраздзяленняў лясгаса з трэніровачным разгортваннем пажарных рукавоў.
– Вельмі важна ўжо сёння быць ва ўзбраенні супраць лясных пажараў. Летась першае ўзгаранне ў лясным фондзе зарэгістравана 27 лютага ў Навасёлкаўскім лясніцтве. На працягу пажаранебяспечнага сезона ў мінулым годзе зарэгістравана 14 выпадкаў лясных пажараў і ўзгаранняў на плошчы больш за 24 гектары. Для параўнання: у
2024 годзе адбылося ўсяго тры выпадкі лясных пажараў на плошчы, якая перавысіла тры гектары. Такім чынам, у 2025 годзе колькасць
узгаранняў павялічылася на 11 вы-падкаў, а плошча – амаль 21 гектар, – адзначае начальнік аддзела аховы лесу Ляхавіцкага лясгаса Аляксандр Лебядзеўскі.

Больш за палову леташніх лясных пажараў было выяўлена аўтаматызаванай сістэмай відэа-назірання, а таксама пры наземным патруляванні, пры дапамозе насельніцтва. Каб прадухіліць пажары, уводзілася 16 абмежаванняў і дзве забароны на наведванне лясоў. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры чалавекі.
Для своечасовай лакалізацыі і ліквідацыі пажараў у Ляхавіцкім лясгасе маецца неабходнае абсталяванне. Сёлета парк тэхнікі папоўніўся дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву. У рамках сумеснага праекта Міністэрства лясной гаспадаркі, Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і Фонда глабальнага развіцця і супрацоўніцтва Поўдзень-Поўдзень (Урад Кітайскай Народнай Рэспублікі) лясгасы Брэсцкага ДВЛГА атрымалі новае супрацьпажарнае абсталяванне. Ляхавіцкаму лясгасу перададзена 18 камплектаў пераносных радыёстанцый і 75 пажарных ранцавых апырсквальнікаў.
Па словах каардынатара праектаў і праграм ПРААН Вольгі Чаброўскай, гэта першы праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы Кітая.

Ляхавіцкі лясгас заклікае землякоў не дапускаць выпальвання сухой расліннасці. Пажар лягчэй папярэдзіць, чым патушыць!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і з архіва лясгаса.