Прага да спіртнога. Як ляхавічане спрабавалі выкрасці з магазіна гарэлку

У сакавіку супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы чатыры разы выязджалі на сігнал трывожнай кнопкі, якую актывавалі ў ляхавіцкім гандлёвым аб’екце і на прадпрыемстве.

Тры выклікі датычылі крадзяжу з магазіна, дзе пакупнікі спрабавалі вынесці бутэлькі з гарэлкай. 41-гадовы, 59- і 61-гадовы ляхавічане хавалі сваю “здабычу” ў кішэні, у рукаве, але пільныя супрацоўнікі магазіна заўважалі несуноў з таварам і націскалі трывожную кнопку. Супрацоўнікі аховы аператыўна прыбывалі на месца здарэння і перадавалі аматараў алкаголю ў міліцыю. Па фактах дробнага крадзяжу РАУС складзены чатыры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Каб не дапускаць падобных выпадкаў, супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы рэкамендуюць узмацніць кантроль за гандлёвай залай, асабліва ў секцыях з алкагольнай прадукцыяй. Тым жа, хто спадзяецца, што супрацьпраўнае дзеянне застанецца незаўважаным, варта памятаць, што ніякая імгненная выгада не варта свабоды, рэпутацыі і душэўнага спакою. Згодна артыкула 11.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях дробны крадзеж маёмасці цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да 30 базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Андрэй АНДРЭЕЎ, начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г. Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы.