Прыгожы аўтограф для роднага горада. У мінулую пятніцу маштабны працоўны дэсант высадзіўся ў Ляхавічах

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Утульнасць і чысціня нашай Ляхавіччыны нараджаюцца дзякуючы сумесным намаганням жыхароў, якія шчыруюць разам і ад душы.

У разгар месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі зямлячкі даказваюць, што парадак там, дзе ёсць жаночы клопат.
У мінулую пятніцу маштабны працоўны дэсант высадзіўся ў райцэнтры на тэрыторыі зоны адпачынку. У складзе – прадстаўніцы раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын, прафсаюза работнікаў АПК, Беларускага фонда міру разам з атрадам міратворцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа.

Вынік талакі радуе вока: свежапафарбаваныя лаўкі, арэлі, пясочніца… У якасці стваральнага аўтографа на кропцы адпачынку – сімвалы грамадскіх аб’яднанняў: голуб, васілёк і каласы.
Ініцыятарам суботніка выступіла раённая арганізацыя БСЖ.
– Нашы зямлячкі сваёй працай, увагай да дэталяў і нястомнай энергіяй робяць родны край прыгожым і камфортным для жыцця. Яны заўсёды адгукаюцца на прапанову пасуботнічаць. Жанчыны трымаюць у парадку не толькі свае дамы, але і імкнуцца забяспечыць бяспеку ў месцах, дзе праводзіць вольны час пад-растаючае пакаленне. Нашу жаночую ініцыятыву падтрымалі камунальнікі, якія забяспечылі фарбай і пэндзлямі, а трафарэты з сімваламі зрабілі самі, – адзначае старшыня раённай арганізацыі БСЖ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Стваральная энергія, з якой жанчыны бяруцца за любую справу, змяняе выгляд знаёмых вуліц і месцаў адпачынку. Іх добрыя справы – прыклад для ўсіх землякоў. У Год беларускай жанчыны такія ініцыятывы набываюць асаблівую значнасць і
натхняюць іншых на навядзенне чысціні ў кожным
куточку раёна.
Электронныя рэсурсы «Ляхавіцкага весніка» штодня паведамляюць пра актыўную дзейнасць землякоў. Літаральна некалькі свежых прыкладаў. Работнікі ААТ «Нача» і Начаўскай СШ добраўпарадкавалі тэрыторыю сядзібна-паркавага комплексу, а жыхары аграгарадка навялі парадак каля праваслаўнага і каталіцкага паклонных крыжоў. Працаўнікі Ляхавіцкага лясгаса гэтымі днямі не толькі садзяць лес,
але абнаўляюць і ўстанаўліваюць знакі ў дзяржлесфондзе.
Чысціню на тэрыторыі Ляхавіччыны наводзяць і работнікі сельскіх бібліятэк і Дамоў культуры. Не застаюцца ўбаку навучэнцы школ, якія добрасумленна дапамагаюць старэйшым не толькі з навядзеннем чысціні, але і з пасадкай лесу падчас акцыі «Лес! Дабро! Парадак!».

Генеральнае прыбіранне – не разавая акцыя. І паступова атрад жадаючых прынесці карысць раёну і далучыцца да месячніка чысціні і парадку пашырае свае рады. На 18 красавіка аб’яўлены рэспубліканскі суботнік. Папрацуем разам!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Дзіяны БУРАК.