Быць лідарам – жаночае прызванне. Пра жыццё самай масавай Ляхавіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі – работнікаў АПК– напярэдадні свята
Першамай непарыўна звязаны з прафсаюзным рухам. Пра жыццё самай масавай раённай прафсаюзнай арганізацыі – работнікаў АПК– напярэдадні свята.
Словы «Мір! Праца! Май!» сталі сімвалам цэлай эпохі. І ў гэтай гісторыі ёсць старонка кожнай сям’і. У суверэннай Беларусі 1 мая пазначана чырвоным колерам у календары і называецца Святам працы. У ХХІ стагоддзі яно набыло новы стыль, змест. Але і раней, і сёння Свята працы асацыюецца з прафсаюзамі. Бо менавіта прафсаюзы – грамадскае аб’яднанне, асноўная мэта якога – абарона правоў і законных інтарэсаў працоўных. У нашай краіне галіновыя прафсаюзы аб’яднаны ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі – уплывовы і самы масавы грамадскі рух.

ААТ «Нача» Алена Неміровіч.
Кіпіць прафсаюзнае жыццёі на Ляхавіччыне
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак расказала, што, па стане на 1 сакавіка, у Ляхавіцкім раёне зарэгістравана і пастаўлена на ўлік 187 арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў, з якіх 78 – арганізацыйныя структуры прафсаюзаў (чатыры – раённыя, 74 – пярвічкі).
– Сёння прафсаюзы Ляхавіччыны – гэта каля 7 000 чалавек. Самыя масавыя пярвічкі – у аграпрамысловым коплексе (2 500 чалавек), у адукацыі (амаль 2 000 чалавек), ахове здароўя (больш за 640). Важна, што прафсаюзы актыўныя і эфектыўна ўзамаедзейнічаюць з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, – падкрэсліла Вольга Бурак.
Красамоўныя лічбы
Рэспубліканскія і раённыя акцыі, жніво і конкурсы прафесійнага майстэрства, работа з маладымі кадрамі і прафарыентацыя, сустрэчы ў працоўных калектывах, маніторынгі ўмоў працы і харчавання на адказных сельгаскампаніях, вучоба актыву,
спартакіяды і турыстычныя злёты – прафсаюзы заўжды ў гушчыні падзей раёна і жыцці аграрыяў-землякоў. Разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгай Анікей перагарнём старонкі альбома добрых спраў галіновага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Дарэчы, у красавіку Вольга Анікей была ўдастоена Падзякі абласнога камітэта галіновага прафсаюза за эфектыўнае кіраўніцтва, дасягнутыя паказчыкі, асабісты ўклад у прафсаюзную справу.
2 500 членаў прафсаюза – 99 працэнтаў ад агульнай колькасці працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна і іншых арганізацый рознай формы ўласнасці – аб’яднаны ў 20 пярвічак. Навічок – створаная пярвічка ў ЗАТ «Фораланд», у якую ўвайшоў 21 работнік таварыства. Самае значнае прафсаюзнае папаўненне ў ЗАТ «Белпрампрыбор» (плюс 15 чалавек), ПВГУП «Цвірко і К» (плюс 5 чалавек).

Заўсёды побач
– Наша сіла – у адзінстве. І агульная энергія, згуртаванасць, салідарнасць, накіраваныя менавіта на стваральнасць і добрыя справы, дапамогуць вырашыць любыя задачы. А іх нямала. Жыццёвае крэда прафсаюза, які аб’ядноўвае ў сваіх радах работнікаў аграпрамысловага комплексу, – абавязкова быць заўсёды і ва ўсім побач з работнікамі. Выслухаць, падтрымаць, дапамагчы, абараніць –
менавіта гэта нашы вызначальныя дзеянні, калі ў прафсаюз звяртаюцца людзі за вырашэннем пытанняў наконт аплаты працы, прадастаўлення водпуску, выдзялення пуцёвак на аздараўленне, звальнення ці аднаўлення на працоўным месцы і іншага. Актыўна ўдзельнічаем і ў распрацоўцы калектыўных дагавораў, якія заключаюцца ад імя работнікаў прафсаюзамі з кіраўніком прадпрыемства ці арганізацыі. Асаблівая ўвага – на сацыяльныя гарантыі для працаўнікоў, пытанні аховы працы. Дарэчы, ва ўсіх арганізацыях, якія ўваходзяць у склад галіновага раённага прафсаюза, заключаны калектыўныя дагаворы паміж наймальнікамі і работнікамі ў асобе прафсаюзаў, – расказвае Вольга Анікей. І дадае, што ў 70 працэнтах арганізацый распрацавана палажэнне аб настаўніцтве.
Падчас адказных сельскагаспадарчых кампаній прафсаюз сумесна з сацыяльнымі партнёрамі ўшаноўвае перадавікоў. Прафсаюзы разам з райсельгасхарчам, кіраўнікамі сельгасарганізацый спяшаюцца на палявы стан, фермы і мехмайстэрні, каб павіншаваць лепшых з лепшых з працоўнымі перамогамі і дасягненнямі, падбадзёрыць добрым словам, уручыць падарункі. Вось ужо 10 гадоў крочыць па краіне ініцыяваная рэспубліканскім камітэтам галіновага прафсаюза акцыя «Наш жывёлавод». У нашым раёне другі год запар напярэдадні Дня жанчын ушаноўваюць прадстаўніц жывёлагадоўчай галіны раёна. І ў Год беларускай жанчыны такое свята было асабліва значным.
З года ў год прафсаюз аграрыяў удзельнічае ў дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы – дзецям», аказвае дапамогу мнагадзетным сем’ям і ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года, арганізуе навагоднія ранішнікі для дзяцей, чые бацькі – работнікі арганізацый, што ўваходзяць у склад прафсаюза работнікаў АПК. Летам прафарганізацыі выдзялялі сродкі на патанненне дзіцячых пуцёвак у аздараўленчыя лагеры.
– Не толькі клапоцімся пра стварэнне належных умоў працы для работнікаў АПК, значная ўвага надаецца прававой рабоце, пытанням аховы працы, а таксама культурна-масавай і аздараўленчай. У мінулым годзе 18,5 працэнта сродкаў прафсаюзнага бюджэту пайшло менавіта на турыстычна-экскурсійную дзейнасць.
Не забываем і пра спорт і здаровы лад жыцця. У мінулым годзе па ініцыятыве прафсаюзаў праведзена восем спартыўных мерапрыемстваў. Нашы каманды ўдзельнічаюць у абласных спартыўных гульнях, турнірах па валейболе і футболе, – дзеліцца прафсаюзны лідар ляхавіцкіх аграрыяў.
Не забывае прафсаюз пра ветэранаў працы і прафсаюзнага руху, якія зараз на заслужаным адпачынку. Папулярнай стала акцыя «Ветэранам – наш клопат». Значны акцэнт і на моладзь.
А ў прафсаюзаў АПК расце дастойная змена. Яшчэ адно пацвярджэнне – другое месца агранома ААТ «Нача» Алены Неміровіч у абласным маладзёжным конкурсе «ПРАФлідар».
Па выніках мінулага года Ляхавіцкая раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК стала пераможцай у намінацыі «Лепшая інфармацыйная работа» на Брэстчыне.
– Віншую ўсіх землякоў з Першамаем! Галоўнае і важнае ў гэтым свяце – падзякаваць за сумленную працу і той уклад, які кожны ўносіць у агульны росквіт і развіццё краіны. І не важна, хто і ў якой галіне шчыруе, рэалізоўвае сябе. Мы разам працуем, ствараем, каб жыццё станавілася лепш, дзяржава развівалася і рухалася наперад, а над нашай Беларуссю заўжды было мірнае неба, – адзначае Вольга Анікей.
Галіна КАНЬКО.

