Калі ласка, на тэхагляд. У Флер’янова Ляхавіцкага раёна

Паведамленне, у тым ліку і ў нашай раёнцы, аб часовым прыпыненні дзейнасці дыягнастычнай станцыі ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” аўтааматары і транспартнікі раёна ўспрынялі, канешне ж, без энтузіязму. Многія задумаліся, куды накіраваць свайго “жалезнага каня” ў выпадку неабходнасці праходжання апошнім працэдуры тэхнічнага агляду? Які пройгрыш у часе і грошах абяцае паездка ў іншы рэгіён? Гэтыя і іншыя пытанні “зняло” УП “Белтэхагляд”. Абласная структура рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства завяршае апошнія прыгатаванні, каб з 3 чэрвеня “запусціць” у раёне сваю мабільную дыягнастычную станцыю. Стацыянарная прывязка аб’екта – вёска Флер’янова, тэрыторыя машыннага двара СВК “Шлях новы”. Адно з размешчаных там памяшканняў прыведзена ў адпаведнасць з новымі функцыямі, вядзецца добраўпарадкаванне сумежнай тэрыторыі, завяршаецца ўстаноўка комплексу неабходнага абсталявання. Засталіся апошнія штрыхі і – калі ласка, на тэхагляд.
Як расказаў інжынер па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху Сцяпан Цітко, станцыя разлічана і гатова прыняць на дыягностыку аўтамабілі ўсіх катэгорый, матацыклы і мапеды. Станцыя, якая атрымала нумар 215, будзе працаваць 5 дзён на тыдзень за выключэннем нядзелі і панядзелка. Час працы – з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед з 12 да 13 гадзін.
Акрамя таго мяркуецца, што размешчаная ў Флер’янова ДС №215 УП “Белтэхагляд” прыстасавана працаваць і ў раз’язным рэжыме. Нездарма ж – мабільная: у пэўныя, загаддзя абгавораныя дні і часы, будзе гатова выехаць у той або іншы рэгіён вобласці і стаць такім чынам блізкай не толькі жыхарам Ляхавіччыны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *