А пляж у Дараве «дзікі». Чаму дэманціруюць лавачкі і навесы на пляжы на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава Ляхавіцкага раёна

Изображение создано с помощью ИИ

Як бы майскае надвор’е ні капрызіла, цяпло ўсё ж прыйдзе. А з ім пачнецца і купальны сезон. Як вядома, адпачынак каля вады і на вадзе прыцягвае нямала людзей. Нялішнім будзе нагадаць, што на Ляхавіччыне зараз дзве афіцыйныя зоны адпачынку: на рацэ Ведзьме ў Ляхавічах і ў летніку «Чайка», што каля Галаўнінцаў, а з пачатку чэрвеня спіс папоўніць сажалка Востраў.

На прасторах інтэрнэту давялося ўбачыць відэаролік, у якім разважаецца, чаму дэманціруюцца лавачкі і навесы на пляжы на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава. Сапраўды, гэта месца ў свой час было вельмі запатрабаваным для адпачынку ў купальны сезон і для тутэйшага насельніцтва, і для жыхароў Баранавічаў. Калісьці зона адпачынку ў Дараве лічылася афіцыйнай і была на балансе КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Адпаведна, штогод да чарговага купальнага сезона камунгас наводзіў парадак на пляжы і падтрымліваў яго на працягу сезона. У 2023 годзе па рашэнні райвыканкама ў пералік афіцыйных месцаў адпачынку каля вады ўключаны толькі пляж на рацэ Ведзьме ў райцэнтры і пляж на вадаёме каля аздараўленчага лагера «Чайка». А вось зона адпачынку ў Дараве з гэтага пераліку была выключана і, пляж, адпаведна, перайшоў у разрад так званых дзікіх. Асноўная прычына – адсутнасць выратавальнага паста, які б адпавядаў устаноўленым патрабаванням.

Дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што фінансаванне на ўтрыманне дзікіх пляжоў не прадугледжана, таму добраўпарадкаванне і рамонт аб’ектаў на колішняй зоне адпачынку ў Дараве некалькі гадоў не праводзіліся. А сёлета падчас разгляду пытання падрыхтоўкі водных аб’ектаў раёна да купальнага сезона райвыканкам звярнуў увагу на аварыйна-небяспечны стан лавачак, навесаў і месцаў для пераапранання на беразе Шчары ў Дараве і запатрабаваў дэманціраваць гэтыя і іншыя аб’екты, якія з’яўляюцца непрыгоднымі для выкарыстання і маюць неэстэтычны знешні выгляд. Мэта – папярэдзіць магчымыя няшчасныя выпадкі.
Супрацоўнікі РАУС, РАНС, Асвода і іншых службаў, як і ў папярэднія гады, будуць сачыць за грамадскім парадкам як на афіцыйных зонах адпачынку, так і на дзікіх пляжах, каб папярэдзіць правапарушэнні, якія могуць прывесці да бяды. А вось санітарная служба адбіраць пробы вады на неафіцыйных зонах адпачынку не будзе. Так што перш, чым залезці ў ваду ў такіх месцах, не раз падумайце, як гэта паўплывае на ваша здароўе. Не лішнім будзе нагадаць і наступнае. За купанне ў недазволеным месцы складаецца адміністрацыйны пратакол і прадугледжваецца штраф да трох базавых велічынь. Так што купанне на дзікім пляжы можа стаць вельмі нятанным.
Галіна КАНЬКО.