Ва ўтульным сямейным інтэр’еры. На прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны нямала прыкладаў, калі працуюць некалькі пакаленняў сям’і

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Сапраўды па-сямейнаму – у цёплай шчырай атмасферы ў аздабленні сардэчных віншаванняў у ГДК прайшла канцэртная
праграма «Цяпло роднага ачага», прысвечаная Дню сям’і

У кожнага з нас свае асацыяцыі, звязаныя з сям’ёй. Але нельга не згадзіцца, што сапраўдная сям’я – гэта крыніца любві, радасці, шчасця. Менавіта ў сям’і мы знаходзім сілы, пазітыўную энергію і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, падтрымку ў жыцці і адчуванне стабільнасці.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык адзначыў, якую вялікую ролю адыгрывае кожная беларуская сям’я ў сённяшнім і заўтрашнім дні Беларусі. У той жа час дзяржава клапоціцца пра дабрабыт кожнай сям’і, гэта праяўляецца ў разнастайных дзяржаўных дапамогах і прэферэнцыях сем’ям, у тым ліку мнагадзетным. А старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак падкрэсліла, што Год беларускай жанчыны праходзіць пад знакам прызнання вялікай жаночай ролі ў жыцці краіны, бо менавіта на жанчыне трымаецца сям’я, а жаночыя мудрасць і цярпенне – сіла, якая робіць сям’ю моцнай, а дзяцей шчаслівымі.
Далей пачаўся сапраўдны сямейны бенефіс. Пад апладысменты
прысутных і пад акампанемент віншаванняў ад начальніка аддзела загса райвыканкама Вольгі Новік і намесніка старшыні РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Таццяны Равінскай на сцэну падымаліся пары, сямейны стаж якіх вылічваецца дзесяцігоддзямі. Ізумруднае вяселле адзначылі ляхавічане Клаўдзія і Мікалай Біза, сёлета залатое вяселле ў Валянціны і Леаніда Столяраў.

На прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны нямала прыкладаў, калі тут працуюць некалькі пакаленняў сям’і. Працоўныя дынастыя былі ў цэнтры ўшанавальнай увагі падчас канцэртнай праграмы. Факты пра такія сем’і сапраўды ўражваюць.
208 гадоў і адзін месяц – такую старонку ў працоўны летапіс
ААТ «Жарабковічы» ўпісала сям’я Панічавых. Усё пачалося з заснавальнікаў дынастыі – Уладзіміра (29 гадоў працаваў у гаспадарцы трактарыстам) і Веры (аператар машыннага даення з 26-гадовым стажам) Панічавых. Сёння працоўны шлях бацькоў, дзядулі і бабулі прадаўжаюць дзеці і ўнукі. А вось працоўны стаж сямейнай пары Віталія і Вольгі Цяртышных з ААТ «Нача» невялікі, як, дарэчы, і сямейны – тры гады. Апладысменты гучалі і ў адрас іншых сямейных дынастый, чый працоўны шлях у аграрным сектары раёна толькі пачынаецца – Кірыла і Ганны Бясшапашнікавых з ААТ «Шлях новы», Віктара і Ганны Ядгаравых з ЗАТ «Фораланд», Аляксандра і Дзіяны Сергіеняў з ААТ «Жарабковічы».
У рэйсавым аўтобусе, дзе ў якасці пасажыраў двое – ён і яна. Так пачалася ў 1999 годзе біяграфія сям’і Івановічаў. Зараз Анжэла і Алег працуюць у ляхавіцкай гімназіі, выхоўваюць двое дзяцей. 10 гадоў з моманту вяселля сям’я ляхавічан Толкачаў прытрымліваецца дэвіза «Сям’я – гэта не галоўнае. Гэта ўсё!». Віталій і Вольга працуюць настаў-нікамі ў СШ № 2.
Сям’я Ламакаў вядомая на культурнай ніве Ляхавіччыны больш за 40 гадоў. Пачыналася ўсё з Людмілы і Мікалая, якія пасля заканчэння Інстытута культуры прыехалі па размеркаванні ў наш раён. І сёння працоўны творчы стаж вялікай сям’і Ламакаў – 127 гадоў. З пакалення ў пакалення ў гэтай сям’і ад бацькоў да сыноў, а потым нявестцы і ўнукам перадаюцца не толькі прафесійныя сакрэты, але і любоў да роднага краю. Жаданне радаваць землякоў – гэта яшчэ пра адзін творчы сямейны тандэм – Івана і Таццяны Пішчоў з аграгарадка Навасёлкі. Прадаўжальнік сямейнай дынастыі сын Аляксандр, які паспяхова будуе артыстычную кар’еру.
Сямейным дынастыям аграрыяў, медыкаў, педагогаў, культработнікаў уручаліся падарункі ад раённых арганізацый прафесійных саюзаў, таксама кожная сям’я атрымала падарункавы сертыфікат на наведванне кінатэатра «Кастрычнік» ад РА ГА «Беларускі саюз жанчын».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.