Лепш не спрабаваць. Выкарыстанне вэйпаў мае нямала рызык для здароўя

Изображение создано с помощью ИИ

Вэйпы сёння даволі папулярныя, асабліва сярод моладзі. На першы погляд, здавалася б, менш шкодная альтэрнатыва цыгарэтам, бо вэйпы не маюць тытунёвага паху, ад іх не разыходзіцца воблака дыму. Але за гэтым «прыгожым тэхналагічным» фасадам хаваецца адна з самых сур’ёзных пагроз для здароўя.

Галоўны міф, на якім трымаецца папулярнасць электронных цыгарэт, – «гэта проста пара». Рэклама зрабіла ўсё, каб упэўніць у яе бяспецы. Але тое, што ўдыхае чалавек, далёка ад бяскрыўднай воднай пары. Вадкасць для вэйпаў утрымлівае гліцэрыну, прапіленгліколь, араматызатары і самае небяспечнае – нікацін. Даследаванні паказваюць, што аэразоль таксама можа ўтрымліваць фармальдэгід, цяжкія металы накшталт нікеля, волава, свінца, якія выдзяляюцца з награвальнай спіралі. Пры награванні гэтыя рэчывы ўступаюць у хімічную рэакцыю. Асаблівую небяспеку ўяўляюць так званыя «солевыя» нікаціны, якія засвойваюцца арганізмам хутчэй і мягчэй і не выклікаюць пяршэння ў горле. Тым самым чалавек непрыкметна для сябе ўжывае значныя дозы нікаціну.

Выкарыстанне вэйпаў мае нямала рызык для здароўя. Нават невялікая доза нікаціну, што паступае ў арганізм, можа сфарміраваць залежнасць. Асабліва гэта тычыцца падлеткаў. Удыханне пары з хімічнымі рэчывамі можа выклікаць запаленне, пашкоджанне тканак, а ў перспектыве – хранічныя захворванні лёгкіх. У падлеткаў мозг толькі фарміруецца, а нікацін разбурае развіццё той часткі, якая адказвае за кантроль імпульсаў, увагу, навучанне.
У выніку развіваюцца хуткая залежнасць, трывожнасць, праблемы з памяццю і вучобай. Таксама ўжыванне вэйпаў – шлях да павышанага ціску, рызыкі інфарктаў і інсультаў. Некаторыя кампаненты выклікаюць алергічныя рэакцыі. Даследаванні паказваюць, што тыя, хто выкарыстоўвае вэйпы, маюць большы шанц перайсці на звычайныя цыгарэты ці нават наркотыкі. І яшчэ адна небяспека – немалая рызыка выбуху акумулятара і апёкаў пры парушэннях выкарыстання вэйпаў.

Зразумела, што забаронамі і запалохваннем праблему
распаўсюджвання вэйпаў не вырашыць. Каб папярэдзіць вэйпінг, трэба ведаць яго прычыны. Псіхолагі выдзяляюць тры асноўныя фактары: сацыялізацыя (усе спрабуюць і я паспрабую, каб не стаць «белай варонай»); барацьба са стрэсам (экзамены, канфлікты з равеснікамі, бацькамі, настаўнікамі); рэклама (яркія абгорткі, фруктовыя смакі робяць працэс падобным на тое, як ядуць цукеркі, а не на шкодную звычку).
Важна нагадаць, у Беларусі продаж нікацінавай прадукцыі асобам, якія не дасягнулі 18-годдзя, забаронены законам. Аднак, кантроль за продажам праз інтэрнэт застаецца складанай задачай. Бацькам трэба ведаць: уцягненне непаўналетніх ва ўжыванне нікаціну – адміністрацыйнае правапарушэнне. Калі вы заўважылі, што ваша дзіця трапіла ў нікацінавую пастку, не адкладвайце на потым, а звяртайцеся за дапамогай.

Звярнуцца можна на агульнанацыянальную дзіцячую лінію дапамогі (кансультуюць кваліфікаваныя ўрачы і псіхолагі) па нумары 8-801-100-16-11 кругласутачна, бясплатна. Таксама дзейнічае кругласутачная служба экстраннай псіхалагічнай дапамогі – 133.

Ірына САЙКО, урач нарколаг УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».