Маленькія сэрцы – вялікія патрыёты. Напярэдадні Дня абароны дзяцей у дзіцячым садзе № 1 было па-сапраўднаму святочна і па-даросламу адказна

Самае галоўнае, што можна падарыць дзіцяці, – гэта бяспечнае і шчаслівае дзяцінства. Час, калі верыцца ў цуды, калі першыя сур’ёзныя ўрокі сяброўства і адказнасці закладваюць трывалы падмурак дарослага жыцця.
У Беларусі сацыяльная падтрымка сям’і і дзяцей узведзена ў ранг дзяржаўных прыярытэтаў. І гэта не асобная акцыя, а адладжаны механізм, які працуе штодня. Да кожнага маленькага грамадзяніна дарослыя ставяцца з увагай і клопатам, ствараючы ўмовы для таго, каб дзеці раслі не толькі ўсебакова развітымі, але і патрыётамі сваёй краіны. Напярэдадні Дня абароны дзяцей у дзіцячым садзе № 1 было па-сапраўднаму святочна і па-даросламу адказна.
Сюды на I раённы фестываль дашкольнікаў «Маленькія патрыёты Беларусі» запрасілі выхаванцаў ляхавіцкіх дашкольных устаноў адукацыі: удзельнікаў праекта «Зялёныя школы» (дзіцячы сад № 2), ваенна-патрыятычнага клуба «Юны патрыёт» (дзіцячы сад № 3), клуба «Юны выратавальнік» (дзіцячы сад № 4) і праекта «Сетка школ міру ў Рэспубліцы Беларусь» (дзіцячы сад № 1).
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, звяртаючыся да юных удзельнікаў фестывалю, адзначыла, што патрыётам можа быць толькі чалавек з добрым сэрцам:
– Для гэтага трэба шмат працаваць, слухаць і вучыцца. А пачынаць усё трэба з простага. Любіць сваю сям’ю, родны край, наш родны горад і дзіцячы сад. Сапраўдны патрыятызм нараджаецца з маленькіх крокаў: калі беражом прыроду, дапамагаем блізкім, паважаем працу іншых.
Фестываль адкрылі ўрачыста з падняццем Дзяржаўнага флага, шчыра і натхнёна хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі гімн.
А далей юных патрыётаў чакала захапляльнае падарожжа. З
картай у руках яны адправіліся па маршруце, дзе на розных лакацыях выконвалі цікавыя і пазнавальныя заданні, а за правільныя адказы атрымлівалі папяровых галубоў. На станцыі «Будучыя абаронцы» дзеці ўспаміналі, якая крэпасць у час Вялікай Айчыннай вайны першай сустрэла ворага, хто такія партызаны, чаму гарыць Вечны агонь і іншае. А потым праз «замочную шчыліну» адгадвалі памятныя мясціны Беларусі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Пытанні ў фотаздымках рабятам адрасавалі прадстаўнікі РГА «Патрыёты Беларусі». І, дарэчы, адказы дзеці добра ведалі.
На станцыі «Выратавальная каманда» трэба было адрозніць небяспечныя прадметы ад бяспечных. І ні адзін дашкольнік не памыліўся! А яшчэ разам з інспектарам РАНС Таццянай Калгушкінай дзеці гулялі ў гульню «Так ці не так» – і прыйшлі да высновы, што запалкі дзецям не цацкі. «Экалагічны патруль» уключаў разнастайныя загадкі, выбіралі з карцінак расліны і жывёл з Чырвонай кнігі. Дапамагала рабятам разам з выхавальнікам намеснік кіраўніка Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка.
На станцыі «Мірная і дружная каманда» гаварылі, што ў Беларусі побач жывуць людзі розных нацыянальнасцей і паважаюць адзін аднаго. Пад кіраўніцтвам старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Фонд міру» Ларысы Юшкевіч прыгадвалі прыказкі
пра мір: «Кветкам трэба сонца, а людзям – мір». На «Фестывальнай» лакацыі на ватмане дзеці стварылі вялікую карціну. А калі кожны дзіцячы сад прымацаваў блакітных галубоў – сімвал міру – атрымаўся яркі, жывы, сонечны плакат. Зрабілі яго самі дашкаляты маленькімі рукамі, але з вялікай любоўю.
А потым быў танцавальны флэшмоб «Сонечны круг». Праз гульню дзеці атрымалі ўяўленне, што такое любоў да Радзімы, сяброўства.
Для гасцей хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячага сада № 1 прэзентавалі канал «Дзіцячы свет ТБ пра маленькіх беларусаў» – так называецца праект, які рэалізуецца ў дашкольнай установе з лютага і вучыць камунікабельнасці, уменню будаваць адносіны і знаёміць з прафесіямі. Пра дасягненні сваіх выхаванцаў калектыў інфармуе праз уласны тэлеграм-канал, расказала гасцям загадчыца дзіцячага сада № 1 Алена Чарняк і запрасіла ўсіх далучыцца да яго.
Раённы фестываль дашкольнікаў «Маленькія патрыёты Беларусі» ярка паказаў: шчаслівыя вочы дзяцей, якія з гонарам расказваюць пра сваю краіну, – лепшае пацвярджэнне таму, што будучыня Бацькаўшчыны ў надзейных руках.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

