І пагуляць, і спортам пазаймацца. У Ляхавічах па вуліцы Южакова ўстанаўліваецца новае абсталяванне на дваровай тэрыторыі

Прыемная і вельмі патрэбная абноўка. Гэта пра новае абсталяванне, якое гэтымі днямі ўстанаўліваецца на дваровай тэрыторыі шматкватэрнай забудовы па вуліцы Южакова. На радасць дзецям і іх бацькам у дварах дамоў №№ 8, 6, 6А з’явіцца гульнёва-спартыўны гарадок.

– Яшчэ летась было абноўлена некаторае абсталяванне дзіцячай пляцоўкі – пясочніца, арэлі. Аднак, у сувязі з тым, што гэты мікрараён даволі шматнаселены, і тут пражывае нямала дзяцей, было прынята рашэнне ў межах добраўпарадкавання пашырыць гульнявую пляцоўку, а таксама дадаткова ўстанавіць спартыўнае абсталяванне.
За кошт сродкаў раённага бюджэту набыты арэлі, горкі, пясочніцы, турнікі, лесвіцы і іншае. На гэтыя мэты пайшло каля 13 тысяч рублёў. Але важныя не толькі аснашчанасць гульнявых пляцовак, створаны на
іх камфорт і ўтульнасць.

Не меншае значэнне надаецца і бяспецы. Таму пасля поўнай устаноўкі абсталявання тут будзе пакладзена прагумаванае пакрыццё, што толькі на карысць бяспечнаму адпачынку, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.

Дарэчы, спецыяльная камісія абследуе ўсе дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, каб вызначыць аб’ёмы касметычнага рамонту і месцы, дзе патрабуецца замена абсталявання.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.