Старт у прафесію з прафскілс. Ляхавічане на конкурсе прафмайстэрства

З 2 па 5 чэрвеня Лунінец стаў сталіцай прафесійнага майстэрства.
На базе мясцовага дзяржаўнага аграрнага каледжа прайшоў рэгіянальны этап VII Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills. Сярод лепшых і навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Сярод арганізатараў – галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

У прафесійным майстэрстве спаборнічалі больш за 140 удзельнікаў з 40 устаноў адукацыі. А разам з маладымі рабочымі лічба перавысіла тры сотні. Словам, было за кім паназіраць і ў каго павучыцца.
Ляхавіцкі аграрны каледж прадстаўлялі трое трэцякурснікаў. Кожны ў сваёй намінацыі: Дар’я Тумаш спаборнічала ў намінацыі «ветэрынарная медыцына», Аляксандр Звярынскі паказаў сябе ў «агранаміі», а Максім Рачак дэманстраваў уменні ў «заатэхніі». Кожны з іх вярнуўся з конкурсу з ганаровым другім месцам. Рыхтавалі навучэнцаў выкладчыкі каледжа. І яны са сваёй задачай справіліся на выдатна.Традыцыйна каледж займае на такіх спаборніцтвах перадавыя пазіцыі. І гэты год не выключэнне.
– У каледжы склалася дзейсная практыка-арыентаваная сістэма падрыхтоўкі да конкурсу прафмайстэрства. Шчыра ўдзячна калектыву выкладчыкаў за нераўнадушнасць і адданасць справе, а навучэнцам – за ўменне прэзентаваць свае веды, за мэтанакіраванасць і, не пабаюся высокіх слоў, за прафесіяналізм. Усё ж галоўная мэта фестывалю-конкурсу значна глыбейшая – паказаць навучэнцам, іх бацькам і ўсяму грамадству, што сучасная рабочая прафесія – гэта прэстыжна, тэхналагічна і вельмі цікава, – адзначае дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.

Удзельнікі конкурсу ProfSkills адзначалі, што вельмі карысна было паразмаўляць з экспертамі – людзьмі-практыкамі, якія штодня робяць сваю справу. Сярод іх, дарэчы, быў і былы выпускнік Ляхавіцкага аграрнага каледжа – Іван Ванюк, які сёння працуе галоўным ветэрынарным урачом Лунінецкага раёна. Сустрэчы з такімі людзьмі – яскравае пацвярджэнне, што выбраная аграрная прафесія вядзе да поспеху.
У фестывалі-конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills ляхавіцкі адрас прысутнічаў таксама і ў якасці эксперта – дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская ў адкрытым інклюзіўным матывацыйным дыялогу «Шлях у прафесію: ад пераадолення да поспеху» падзялілася вопытам работы, назапашаным у раёне па ўзаемадзеянні ЦКРНіР з установамі спецыяльнай, агульнай сярэдняй адукацыі пры выбары прафесіі навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.