Гэта наша памяць
Вялікая Айчынная вайна пакінула на гераічнай ляхавіцкай зямлі незабыўны след. Як напамін пра жахі і ахвяр вайны – 50 воінскіх пахаванняў, дзе пахаваны 1 932 ваеннаслужачыя, 37 удзельнікаў супраціўлення, 4 827 ахвяр вайны. Не проста добрая традыцыя, а даніна нясгаснай памяці – добраўпарадкаванне гэтых святых месцаў.

Прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый і палітычных партый, школьнікі і каляджане ў складзе працоўных дэсантаў прыбіраюць тэрыторыі вакол помнікаў і брацкіх магіл, падфарбоўваюць, рамантуюць. Не застаюцца ўбаку, аказваюць спонсарскую дапамогу індывідуальныя прадпрымальнікі, прадпрыемствы і арганізацыі рознай формы ўласнасці. Сельвыканкам, жылкамунгас займаюцца пастаноўкай на баланс такіх аб’ектаў, плануюць работы па касметычным рамонце, арганізуюць і праводзяць санітарную ачыстку.
На мінулым тыдні члены пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага кіравання, самакіравання, законнасці, якая дзейнічае пры раённым Савеце дэпутатаў, на чале з кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Юрыем Чаранкевічам правялі выязное пасяджэнне. Асноўнае пытанне – выкананне заканадаўства ў частцы добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны, месцаў баявой і воінскай славы. Народныя абраннікі наведалі воінскія пахаванні на могілках у вёсцы Станчыкі і аграгарадку Навасёлкі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак спынілася на тым, як у Ляхавіцкім раёне вядзецца архіўна-даследчая работа па ўвекавечванні памяці. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ларыса Юшкевіч пазнаёміла з гісторыяй узвядзення помнікаў на воінскіх пахаваннях. У цэнтры аграгарадка стаіць помнік загінулым салдатам, якія 5-6 ліпеня 1944 года ў жорсткіх баях з гітлераўцамі вызвалялі Навасёлкі і бліжэйшыя вёскі. Як расказала Ларыса Юшкевіч, у пашпарце воінскага пахавання значыліся 38 пахаваных, прозвішчы 36 – вядомыя. Пасля правядзення даследчай работы даныя істотна змяніліся: у брацкай магіле пахаваны 59 ваеннаслужачых афіцэрскага і радавога складу. Самаму старэйшаму – 47 гадоў,
самаму маладому – 18. Сярод загінулых пры вызваленні
вёсак ураджэнцы Татарстана, Чачні, Азербайджанскай, Беларускай, Украінскай, Казахскай ССР. Неабыякавыя землякі, моладзь, школьнікі і дашкаляты ўскладаюць да падножжа помніка кветкі, вянкі,
у час урачыстасцей заміраюць у хвіліне маўчання піянеры. На пастаяннай аснове добраўпарадкуецца тэрыторыя вакол.
Яшчэ адзін маўклівы напамін пра загінулых ахвяр той далёкай вайны – помнік на брацкай магіле ў вёсцы Станчыкі. На гранітнай пліце надпіс: «Вечная слава героям, загінулым у баях за вызваленне нашай Радзімы». Тут пахаваны 21 ваеннаслужачы 35-й стралковай брыгады
Савецкай арміі, якая загінула 5 ліпеня 1944 года. Ларыса Юшкевіч расказала, што адпаведна пункту 15 Палажэння аб парадку добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны, у раёне праведзена работа па ўстаноўцы на такога кшталту пахаваннях шыльдаў з інфармацыяй аб найменні і адрасе месцаў пахавання, а таксама наймення і адраса мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі якога знаходзіцца пахаванне.
– На Ляхавіччыне вядзецца мэтанакіраваная работа па ўвекавечванні памяці пра загінулых пры абароне Радзімы. Сведчаннем таму з’яўляюцца разнастайныя аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя работы, акцыі па навядзенні парадку на такіх аб’ектах. Вельмі важна не толькі зберагчы памяць, але і беражліва перадаць яе наступным пакаленням. Гэта абавязак кожнага з нас і агульная справа ўсяго грамадства, – падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

