Лета ў спартыўнай форме. На Ляхавіччыне ў лагерах рознага тыпу аздаравяцца каля тысячы дзяцей

На Ляхавіччыне ў лагерах рознага тыпу аздаравяцца каля тысячы
дзяцей. Асноўныя пляцоўкі для гэтага – лагер «Чайка»,
15 выхаваўча-аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем на базе 11 устаноў адукацыі, а таксама спартыўна-аздараўленчы лагер «Каласок» ДЮСШ

Лета – маленькае жыццё, якое па традыцыі пачынаецца з доўгачаканых канікулаў. Гэта час, калі дзеці забываюць пра ўрокі
і ранішні будзільнік, але памятаюць пра сяброў і цудоўныя прыгоды.
Першым на Ляхавіччыне старт аздараўленчай кампаніі даў лагер «Чайка». Сюды на першую змену, якая называецца «Гісторыя аднаго лета ў фармаце 5D», прыехалі 60 хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожны дзень у «Чайцы» – тэматычны і напоўнены разнастайнымі падзеямі. Дзе паспелі праявіць свае таленты «чайкаўцы»? У квэст-спаборніцтве на веданне малой радзімы, у конкурснай праграме «Фотаквэст», інтэлектуальнай гульні «Слабое звяно», у спартыўных спаборніцтвах «Устанаві свой рэкорд!». А яшчэ ў летніку праходзіць конкурс сацыяльнай рэкламы «Купляю беларускае!». Атрады не проста расказваюць, а смачна і крэатыўна прэзентуюць тавары айчынных вытворцаў.
І даказваюць, што беларускі смак – гэта сапраўдны поспех. Вось гэта патрыёты! Дарэчы, паглядзець, чым жыве «Чайка», можна ў тэлеграм-канале з аднайменнай назвай. Падпісвайцеся, каб быць у курсе!
Адчынілі дзверы і выхаваўча-аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, якія працуюць на базе ўстаноў адукацыі раёна. Тэлеграм-каналы школ дапоўнілі вучэбны кантэнт тэматыкай аздараўлення і адпачынку. Штодня школы публікуюць фотасправаздачы пра кожны дзіцячы дзень. З 6 па 22 ліпеня рабят запросіць і лагер гімназіі «Сонейка», а з 3 па 19 жніўня – «Светлячок» СШ № 1. У лагер з дзённым знаходжаннем ідуць тыя, хто хоча правесці канікулы актыўна, з карысцю і ў добрым настроі. У Малагарадзішчанскай СШ працуе лагер «Вясёлыя рабяты». Тут кожны дзень прысвечаны аспектам здароўя: дзяцей чакаюць вітамінныя майстар-класы, пазнавальныя віктарыны, конкурсы малюнкаў і
флэшмобы.
Не забылі дарослыя і пра тых, хто любіць не толькі адпачываць, але і працаваць. У СШ № 2 да 19 чэрвеня адкрыты лагер працы і адпачынку з ваенна-патрыя-тычным профілем «Праметэй». Тут васьмікласнікі
не толькі карысна право-дзяць час, а зарабляюць свае першыя грошы. Амаль на два тыдні навучэнцы аформлены рабочымі зялёнага будаўніцтва ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Што ўваходзіць у абавязкі юных працаўнікоў? Праполка кветнікаў і газонаў, прыбіранне скошанай травы, афарбоўка жалезабетоннай агароджы і іншыя карысныя справы. Працоўны дзень пачынаецца з 9.00 і доўжыцца да 13.00, а пасля абеду наступае час ваенна-патрыя-тычных мерапрыемстваў. Днямі выхаванцы лагера працы і адпачынку «Праметэй» арганізавалі акцыю «Чысціня і парадак». Прайшоў занятак па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне. А яшчэ юнакі і дзяўчаты паглядзелі і абмеркавалі кінафільм «Брэсцкая крэпасць».
І, вядома, без добрага харчавання нікуды. Для выхаванцаў лагера прадугледжана трохразовае харчаванне: сняданак, абед і падвячорак. Каб сіл хапала на працу і добрыя справы.
135 спартсменаў з усіх аддзяленняў ДЮСШ адпачываюць у спартыўна-аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем «Каласок». Кожны дзень іх распісаны па хвілінах так, што сумна не бывае. У 10.30, каб набрацца сіл, надыходзіць другі сняданак, а ў 11.00 пачынаецца трэніроўка. Кормяць чатыры разы на дзень: два сняданкі, а потым абед і падвячорак. Дзяржаўная датацыя складае 127 рублёў на аднаго спартсмена. Бацькі ж у залежнасці ад узросту дзіцяці аплацілі толькі ад 42 да 74 рублёў пры поўным кошце пуцёўкі не менш за
170 рублёў.
Трэніроўкі змяняюць спарт-ландыі, спаборніцтвы, экскурсіі. У праграме адпачынку – паходы ў кіно і бібліятэку, хвілінкі бяспекі, сустрэчы з кінолагамі і супрацоўнікамі РАНС і многае іншае. Карацей кажучы, кожны дзень не падобны на папярэдні. Побач з выхаванцамі іх трэнеры-выкладчыкі.
Лета толькі набірае абароты. Але першы тыдзень паказаў: адпачынак на Ляхавіччыне будзе цікавым, насычаным і бяспечным. Усё накіравана на тое, каб дзеці не сумавалі, набіраліся здароўя і вярталіся ў школу адпачыўшымі і шчаслівымі. А гэта і ёсць галоўная задача лета – заняць дзіця і падарыць яму цудоўны настрой на ўвесь год.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА



