Дзеці не павінны быць мішэнню! Трагедыя ўскалыхнула грамадства і не пакінула абыякавых

Трагедыя ўскалыхнула грамадства і не пакінула абыякавых. 17 чэрвеня на тэрыторыі Бранскай вобласці Расіі пад атаку украінскага баявога дрона трапіў аўтобус, што перавозіў на папулярны курорт у Краснадарскім краі групу беларусаў. Палова пасажыраў – дзеці, у асноўным – навучэнцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з Рэчыцкага раёна. Жаданне бацькоў у прыватным парадку арганізаваць для іх незабыўны адпачынак, на жаль, не спраўдзілася. У выніку тэрарыстычнага акта загінула жанчына, траўмы і калецтвы атрымалі шасцёра дзяцей і трэнер-выкладчык ДЮСШ.

Цяжка нават уявіць, што перажылі сем’і, чакаючы сваіх родных…
Дзяржавай прыняты ўсе меры для хуткага вяртання дадому людзей. Сёння ўсе нашы землякі, якія трапілі ў бяду ў суседняй краіне, ужо дома. Хтосьці – з сям’ёй, хтосьці – у руках лепшых урачоў, шмат
работы ў псіхолагаў. Дапамога пацярпелым аказваецца ў поўным аб’ёме.

У Расіі і ў Беларусі ўзбуджаны крымінальныя справы па факце тэракта. Прэзідэнт аддаў шэраг даручэнняў – да канца разабрацца, правесці сваё расследаванне. Беларускія дыпламаты, парламентарыі звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам даць недвухсэнсоўную прававую і маральную ацэнку атацы, рашуча асудзіўшы яе.
«Гэта яшчэ адзін факт бандытызму. І гэта нават не тэрарыстычны акт, гэта адкрыты фашызм, калі б’юць па дзецях, – заявіў беларускі лідар. – Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік».
Афіцыйная Украіна ні прызнаваць, ні адмаўляцца не спяшаецца. Затое брудна і агідна закіпелі форумы збеглых і прыхільнікаў кіеўскага рэжыму. Бязглуздую спробу апраўдаць тэракт зрабіў колішні чыноўнік, а сёння проста маргінал Латушка…

Магчыма, на фоне трагедыі хтосьці чакаў ад Кіраўніка беларускай дзяржавы суперрэзкіх заяў і тэрміновых дзеянняў у адказ. Насамрэч гэта, хутчэй за ўсё, і было мэтай тэрарыстаў – справакаваць Беларусь, уцягнуць у канфлікт. Чарговы раз не атрымалася. Прэзідэнт недвухсэнсоўна заявіў, што мы не праглынулі і не робім выгляд, што
не бачым, але вырашаць будзем іншым спосабам.

«Мы чуем заявы, апраўданні, версіі розныя. Але нам патрэбна ісціна. І мы чакаем гэтай ісціны або рэальнага, справядлівага, сумленнага адказу ад украінскіх дзяржаўных служачых і ваенных людзей. Мы ўсё роўна ўстановім гэту праўду», – падкрэсліў беларускі лідар.
А пакуль даручыў забараніць паездкі за мяжу дзіцячых груп без дзяржаўнага нагляду і дазволу. Мера часовая, але сёння, калі навокал у прамым сэнсе палыхае, – жыццёва важная.

«Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу з дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне», – заявіў беларускі лідар.
Можна меркаваць, што такі падыход не ўсім прыйдзецца даспадобы. Ну што ж – адной інфанагодай больш для тых, у каго свярбіць язык «апратэставаць» усё, што адбываецца ў Беларусі, і падняць пусты, але гучны вэрхал вакол таго, што не адбываецца.
Дарэчы, доўга чакаць не давялося, і літаральна праз пару гадзін – «тэлеграм-маланка» ад правакатараў – маўляў, Міністэрства аховы здароўя накіроўвае паперы пра ўвядзенне рэжыму павышанай гатоўнасці, згортванне аздараўленчых праграм і датэрміновае вяртанне дзяцей з лагераў. Танны фэйк, які імкнуцца выдаць за дакумент, проста перапоўнены памылкамі і недарэчнасцямі. Тым не менш, знаходзяцца тыя, хто дзеліцца «навіной» направа і налева і кідаецца страчыць каментарыі пад поўнай лухтой…

Трэба быць гатовымі да таго, што нават на такой балючай тэме трагедыі з беларускімі дзецьмі сыграе яшчэ не адзін маніпулятар. Так што землякам хочацца пажадаць быць асабліва ўважлівымі ў пытаннях інфармацыйнай гігіены і не даваць фэйкамётам шанцаў для маніпуляцый. А адпачываць і сапраўды лепш дома. Прынамсі, пакуль.
Святлана СТЫКУЦЬ.