Сітуацыі патрабуюць вывучэння і вырашэння. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь працаваў у сваёй выбарчай акрузе

На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч працаваў у сваёй выбарчай акрузе. У чацвер на маршруце рабочага графіка – Ляхавіччына. У райвыканкаме адбыўся асабісты прыём грамадзян.

Жыхар райцэнтра звярнуўся да дэпутата Парламента з прапановай арганізаваць па завулку Палявым у Ляхавічах аднабаковы рух аўтатранспарту. Георгій Хлябовіч адзначыў, што прапанова будзе разгледжана, сітуацыя вывучана і прынята адпаведнае рашэнне. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які ўдзельнічаў у дэпутацкім прыёме, дадаў, што вывучэннем пытання зоймецца камісія па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме.
Яшчэ адно агучанае пытанне парадку дня – вядзенне асабістых падсобных гаспадарак. На імя дэпутата Парламента прыйшоў чарговы калектыўны зварот жыхароў аграгарадка Востраў.

Аграгараджане вяртаюцца да тэмы, узнятай больш за год назад. У людзей зноў узніклі прэтэнзіі да сваіх землякоў, якія вядуць асабістыя падсобныя гаспадаркі. Пытанне Георгій Хлябовіч абмяркоўваў разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама Васіліем Пыжыкам і кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Юрыем Чаранкевічам. Прынята рашэнне ў бліжэйшы час арганізаваць сход у Востраве, дзе і будзе весціся размова з удзелам прадстаўнікоў райсельгасхарчу на згаданыя тэмы.

– Ёсць пытанні вядзення асабістых падсобных гаспадарак, і яны не страчваюць актуальнасці. Ёсць нюансы, што неабходна ўлічваць гаспадарам, якія трымаюць падсобную гаспадарку. На дзяржаўным узроўні плануюцца некаторыя змяненні ў вядзенні падсобнай гаспадаркі, – падкрэсліў Георгій Хлябовіч.
Таксама дэпутат Парламента сустрэўся з прадстаўнікамі Мала-дзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў, якія паўдзельнічалі і ў прыёме грамадзян.
Галіна КАНЬКО.