Дзе дакрануцца да гісторыі? Стартавая пляцоўка культурнага абмеркавання – Падлескі сельскі Дом культуры і сельская бібліятэка
Калі размова датычыць культурнага асяроддзя, творчых здабыткаў нацыянальнай культуры, захавання духоўных скарбаў беларусаў, – гэта не ўкладваецца ў рамкі працоўных пасяджэнняў. Справядлівым было б сказаць, што выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі райсавета дэпутатаў па сацыяльных пытаннях, якое адбылося ў мінулую сераду, прайшло ў нетрадыцыйным фармаце, а творча-натхнёным. На парадку дня пытанне работы сектара культуры райвыканкама па развіцці і папулярызацыі народнай творчасці, арганізацыі выставачных экспазіцый народнага побыту.
Стартавая пляцоўка культурнага абмеркавання – Падлескі сельскі Дом культуры і сельская бібліятэка. Творчыя ўстановы знаходзяцца ў адным памяшканні, гэта дазваляе калектывам супрацоўнічаць і выдаваць творчы максімум. Да народнага багацця тут ставяцца з асобай пяшчотай. Стылізаваны, здаецца, кожны куток культурнага асяроддзя. На першым паверсе – фотазона ў стылі 90-х. Зойдзе, паверце, кожнаму. Настальгічныя ўспаміны – забяспечаны.
А вось другі паверх – гэта святыня беларускай культурнай спадчыны. Усё яшчэ ўзмацняе і той факт, што кожны элемент даўніны супрацоўнікі ўстановы здабылі самі, шукалі па хатах, апытвалі бабуляў-дзядуляў, ці збераглі яны што-небудзь для маладога пакалення. Вось перад вамі саматканы ляхавіцкі ручнік – яму больш за сто гадоў. У яго свая адметнасць – свой узор – ляхавіцкі строй.
А побач на манекене – рэліквія. Касцюм, які, верагодна, насілі падляшанкі таксама каля стагоддзя назад. Вось яна, жывая гісторыя – да яе так проста дакрануцца. А бібліятэкар Ларыса Глеб пагружае камісію ў работу, якая вядзецца па захаванні культурнай гістарычнай спадчыны.
– Для нас важна, каб у працэсе творчых пошукаў, а гэта датычыць не толькі рэчаў побыту нашых продкаў, але і песень, абрадаў, вершаў і гэтак далей, удзельнічалі нашы юныя землякі. Дзеці, калі паглыбляць іх у гэты працэс, так захапляюцца гісторыяй, самі становяцца даследчыкамі, ужо яны рухавікі працэсу. Нядаўна мы
разам з членамі нашага культурнага фарміравання сабралі 48 абзацаў абрадавай каляднай песні. Цяпер вытрымкі слухайце ў нашай каляднай праграме, – рэзюмуе Ларыса Глеб.
Творчасцю пранізана і наступная кропка маршруту – вёска Грушаўка, дзе ў былой сядзібе размяшчаецца Цэнтр культуры. Ужо ў гэту суботу Грушаўка стане цэнт-рам фальклорнага мастацтва –
свята «З крыніц спрадвечных». Сюды з’едуцца майстры народнай творчасці, аматарскія калектывы, якія ашчадна збіраюць, зберагаюць, прымнажаюць культурны код беларусаў.
Сёння шмат старажытных рамёстваў становіцца моцнай творчай тэндэнцыяй. Напрыклад, саломапляценне. Задачы ў такіх унікальных майстроў намнога шырэй, чым здаецца. Стварыць прыгажосць, прадставіць землякам – гэта справа адна, асабліва важная задача – даць працяг гэтаму самабытнаму занятку. На гэтым сканцэнтравала ўвагу ў сваёй саламянай творчасці майстар Святлана Страмавус. Народны майстар Рэспублікі Беларусь упэўнена, што як жанчына павінна навучыць сваіх дзяцей рамяству саломапляцення. Таму яе дачка і дзве ўнучкі цяпер не адстаюць ад бабулі, падхапілі саламяны настрой і выплятаюць беларус-кае шчасце. Філіял «Дараўскі дом рамёстваў» прадстаўлялі Алена Русакевіч і Людміла Казлоўская.
У іх клапатлівых руках працягваецца сапраўдная традыцыя продкаў. Дарэчы, дэпутаты таксама мелі магчымасць дакрануцца да ўнікальнага – сталі удзельнікамі майстар-класаў.
– Тое, што сёння ўбачылі дэпутаты, – гэта толькі невялікая частка культурнай спадчыны раёна, а заваражыла і натхніла кожнага. Уявіце, які моцны ў нас культурны пласт. Сёння мы ставім задачу яшчэ больш ярка заяўляць пра сябе на розных фестывалях і кірмашах, конкурсах і творчых спаборніцтвах – мы можам здзівіць і даць людзям такую неабходную сёння культурную рызынку. Мы можам і з месцаў расказаць пра сябе – сёння лічбавыя тэхналогіі працуюць на тое, каб стварыць інтэрактыўную экспазіцыю, віртуальны музей. Цэнтр культуры павінен заззяць на культурнай карце Ляхавіччыны – тут павінны ладзіцца фэсты, пленэры, майстар-класы. А пакой народнага побыту ў Цэнтры павінен абнавіцца новымі экспанатамі, – адзначыў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.




