Статак спатыкнення. Не першы год у аграгарадку Востраў вядуцца дэбаты па пытанні ўтрымання асабістых падсобных гаспадарак
Не першы год у аграгарадку Востраў вядуцца дэбаты па пытанні ўтрымання асабістых падсобных гаспадарак. З аднаго боку – уладальнікі буйной рагатай жывёлы, з другога – іх землякі, на думку якіх тыя, хто вядзе асабістую падсобную гаспадарку, не спраўляюцца са сваімі абавязкамі і неналежным чынам клапоцяцца пра статак, тым самым правакуюць небяспечную сітуацыю для іншых жыхароў.

– Летась у чэрвені гэта тэма ўжо ўздымалася. Тады дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Георгію Хлябовічу паступіў калектыўны зварот. Быў праведзены сход, дзе свае меркаванні выказалі і гаспадары асабістых падсобных гаспадарак, і аўтары пісьма. Гаспадары АПГ выправілі недахопы, у прыватнасці, паша агароджана па перыметры, забяспечана бесперабойная работа электрапастухоў. Акрамя таго, СУП «Ліпнянка» выдаткоўвае неабходныя ўчасткі для пашы, забяспечвае ёмістасцямі для вады для жывёлы. Здавалася б, пытанне знята, аднак сітуацыя сёлета паўтарылася, таму зноў сабралі сельскі сход, – тлумачыць старшыня Востраўскага сельвыканкама Дзмітрый Гібеж.
Георгій Хлябовіч, які ініцыяваў сход, падкрэсліў, што не толькі ў Ляхавіцкім раёне ёсць пытанні наконт вядзення асабістых падсобных гаспадарак, і яны не страчваюць актуальнасці.
– Летась пры садзейнічанні райсельгасхарчу, мясцовых органаў улады праблема была знята. Але, як аказалася, не канчаткова. Па-ранейшаму мае месца шэраг пытанняў, што патрабуюць дапрацоўкі. Зразумелыя і прэтэнзіі аграгараджан наконт сваёй бяспекі, тым больш што некалькі гадоў назад менавіта ў Востраве меў месца няшчасны выпадак з удзелам свойскай жывёлы. Я выступіў ініцыятарам разгляду гэтай тэмы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. У прыватнасці, на заканадаўчым узроўні плануецца ўнясенне змяненняў у правілы вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Што датычыць звароту жыхароў аграгарадка Востраў, то пытанне разглядаецца з прадстаўнікамі раённай улады і райсельгасхарчу. А сітуацыя трымаецца на кантролі, – падкрэсліў дэпутат Парламента.
На сход, які прайшоў у Востраўскім СДК, прыехалі дэпутат Парламента Георгій Хлябовіч, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык, прадстаўнікі райветстанцыі і аддзела землеўпарадкавання райвыканкама. На сустрэчу сабраліся і гаспадары АПГ, аграгараджане. Прадстаўнікі кожнага боку выказалі свае меркаванні.
Так, гаспадары асабістых падсобных гаспадарак, якія трымаюць 17 і 9 жывёл, расказалі, што выконваюць усе патрабаванні ветэрынарнага нагляду і іншыя, у тым ліку і тыя, што тычацца выканання правілаў бяспекі.
Намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача па Ляхавіцкім раёне Таццяна Чапля пацвердзіла, што выконваюцца ўсе ветэрынарна-санітарныя мерапрыемствы, і ў ветэрынарнай службы няма прэтэнзій да асабістых падсобных гаспадарак у Востраве. Яна нагадала, што падворак, дзе ўтрымліваецца БРЖ, трэба абавязкова абгароджваць, каб папярэдзіць пранікненне дзікай жывёлы, якая можа быць носьбітам небяспечнай і для чалавека хваробы – шаленства. А за парушэнне ветэрынарнага заканадаўства прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Яшчэ большая небяспека звязана з тым, што недалёка ад Вострава знаходзіцца ЗТАА «Белдан», якое займаецца свінагадоўляй.
– Улада дзейнічае ў межах прававога поля, згодна з заканадаўствам, і такі падыход патрабуецца і ад жыхароў Вострава. Што тычыцца правілаў вядзення асабістых падсобных гаспадарак,
то іх гаспадары АПГ выконваюць. У прыватнасці, гэта тычыцца
належнага выкарыстання зямельных участкаў для пашы і ўтрымання БРЖ. Упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні сумесна з раённай ветэрынарнай і землеўпарадкавальнай службамі трымаюць сітуацыю на кантролі, – сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык.
Былі агучаны меркаванні гаспадароў асабістых падсобных гаспадарак, кіраўніцтва раёна, дэпутата Парламента, сельвыканкама, раённых зацікаўленых службаў. А вось думкі ўслых ад незадаволеных аграгараджан так і не атрымалася пачуць. Чаму? Таму што на сходзе не было. Не палічылі патрэбным прылюдна выказаць сваю незада-
воленасць, ці прычыны скардзіцца і ўвогуле няма?
Галіна КАНЬКО.
Фота Наталлі ПЕРАПЕЧКА.

