Жаночыя мары збываюцца. Ляхавічанкі выказалі спадзяванне на сустрэчу і адрасавалі пажаданні моцнага здароўя, міру і дабрабыту Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. А ў мінулую сераду Савет Рэспублікі сустракаў працаўніц АПК раёна

У Год беларускай жанчыны Савет Рэспублікі сустракаў працаўніц аграпрамысловага комплексу Ляхавіччыны.

Мары збываюцца. Гэта з упэўненасцю могуць пацвердзіць прадстаўніцы аграпрамысловага комплексу Ляхавіччыны. Гісторыя з цікавым працягам пачалася сёлета напярэдадні Дня жанчын. Падчас ушанавання зямлячак у межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» актывісткі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і прафсаюзныя лідары аграрыяў прапанавалі працаўніцам сельгаспрадпрыемстваў раёна – аператарам машыннага даення, жывёлаводам, кіраўнікам структурных падраздзяленняў АПК – у Год беларускай жанчыны напісаць свае пажаданні, падзяліцца думкамі і марамі, а таксама адрасаваць словы падтрымкі той вядомай жанчыне-беларусцы, якую асабліва паважаюць.


– Зямлячкі выказалі спадзяванне на сустрэчу і адрасавалі пажаданні моцнага здароўя, міру і дабрабыту Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. І колькі радасці выклікала запрашэнне Наталлі Іванаўны Качанавай, адрасаванае ўсім 55 удзельніцам той сакавіцкай святочнай сустрэчы ў Ляхавічах, наведаць сэрца беларускага парламентарызму – Савет Рэспублікі! Эмоцыі і ўражанні, калі рыхтаваліся да паездкі ў Мінск, не перадаць словамі. Адчуваліся і хваляванне, і гонар. Уся наша вялікая жаночая дэлегацыя з нецярпеннем чакала сустрэчу са Старшынёй Савета Рэспублікі, – расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак.
8 ліпеня дэлегацыя жанчын Ляхавіччыны, якія плённа працуюць на жывёлагадоўчых аб’ектах ААТ «Нача», «Жарабковічы», «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», СУП «Белазем’е» і «Ліпнянка», адправіліся на запамінальную сустрэчу ў Мінск.
Безліч уражанняў было падчас экскурсіі па Савеце
Рэспублікі, дзе вясковыя працаўніцы пазнаёміліся з гісторыяй парламентарызму і спецыфікай заканатворчай дзейнасці.
І вось яна, чаканая падзея – сустрэча ляхавічанак са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Актуальная тэма – захаванне міру і спакою ў краіне.

 – Наш Прэзідэнт робіць усё магчымае для таго, каб захаваць мір. Ён гаворыць, мы ідзём па тонкім лёдзе і нам трэба прайсці гэты лёд, – адзначыла Наталля Качанава.
Увага акцэнтавалася на нязменным сацыяльным вектары
беларускай дзяржавы: каля паловы ўсяго рэспубліканскага бюджэту стабільна накіроўваецца на фінансаванне аховы здароўя, адукацыі, культуры. Абмяркоўвалі ўдзельнікі мерапрыемства і ключавыя пытанні дзяржаўнай палітыкі, пытанні ўмацавання эканамічнага патэнцыялу і абароны суверэнітэту.


– Літаральна з першых хвілін размовы стала відавочна, што ўсе нашы хваляванні перад сустрэчай дарэмныя. Які душэўны і канструктыўны атрымаўся дыялог! Гаварылі пра тэмы, што хвалююць
не толькі ляхавічанак, але, думаю, і многіх беларусак. Асабліва актыўна абмяркоўваліся пытанні падтрымкі мацярынства, дэмаграфічнай бяспекі і ўмацавання інстытута сям’і. Наталля Качанава расказала, што Урад прапрацоўвае ініцыятыву, якая тычыцца новых падыходаў да вызначэння памераў і парадку выплат дапамог па доглядзе за дзіцём. Не менш важная тэма дыялогу – патрыятычнае выхаванне моладзі. Дырэктар
райплемстанцыі дэпутат райсавета дэпутатаў Надзея Цямчык шчыра падзякавала кіраўніку Савета Рэспублікі за рэалізацыю ўнікальнага патрыятычнага праекта «Цягнік памяці», які дае магчымасць падрастаючаму пакаленню датыкнуцца да гістарычнай памяці. У ім сёлета ўдзельнічаў яе сын Ягор, – дзеліцца ўражаннямі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольга Анікей.
Увогуле, на сустрэчы разглядаліся рознапланавыя тэмы. Актыўнасць ляхавічанак была даволі высокая. І не дзіўна, што пасля заканчэння мерапрыемства прадоўжылася абмеркаванне: і ў аўтобусе па дарозе ў Ляхавічы, і па прыездзе дамоў прадоўжылі расказваць сваім калегам і знаёмым.
Эмоцыямі зямлячкі падзяліліся і з «ЛВ».
– Нават не магла ўявіць, што атрымаю такі эмацыянальны
зарад ад гэтага візіту ў Савет Рэспублікі. Наталля Іванаўна Качанава – цудоўны чалавек, якога хочацца слухаць і слухаць. Яна так зразумела для кожнай з нас гаварыла на тэмы дзяржаўнай важнасці. На самай справе, гэта была сустрэча без гальштукаў. Здорава, што ў кіраўніцтве нашай краіны такія ўнікальныя людзі. А як жа было прыемна, калі
Наталля Качанава падзякавала нам за штодзённы ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Пасля такіх слоў
хочацца працаваць яшчэ больш вынікова, бо такая падтрымка дарагога вартая,
– гаворыць жывёлавод ААТ «Шлях новы» Юлія Крыжэвіч.


– Люблю маю Радзіму. Ганаруся Прэзідэнтам краіны. Якое шчасце жыць у Беларусі, дзе з такой павагай ставяцца да нас, працаўнікоў вёскі! Які цёплы прыём арганізавалі нам у Савеце Рэспублікі. Я ў захапленні ад дабрыні, чуласці, уважлівасці Наталлі Іванаўны Качанавай. Ад яе зыходзілі такія імпульсы і настрой, што хочацца ствараць, працаваць ды і проста шчасліва жыць. Прыемна было кожнай з нас атрымаць падарункі ад Старшыні Савета Рэспублікі. А экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку стала цудоўным завяршэннем паездкі ў Мінск, – дзеліцца аператар машыннага даення ААТ «Жарабковічы» Вераніка Зайцава.

Галіна КАНЬКО.