У гасцях у гаспадыні лесу. Лес – прафесійная тэрыторыя ляснічага Востраўскага вопытна-вытворчага лясніцтва Кацярыны Бародзіч

Лес – прафесійная тэрыторыя ляснічага Востраўскага вопытна-вытворчага лясніцтва Кацярыны Бародзіч, і яго яна чытае лепш
за любы падручнік. У 27-гадовым узросце кіруе калектывам
з 17 чалавек, у якім працуюць пераважна мужчыны.
Лесам Кацярына «захварэла» яшчэ ў школе, калі з прафарыентацыйнай сустрэчай да іх прыйшла намеснік кіраўніка Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка. Тая размова і вызначыла яе прафесійны выбар. З дыпломам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пачынала інжынерам па лесакарыстанні ў Ляхавіцкім лясгасе. Праз год нераўнадушнаму і ініцыятыўнаму маладому спецыялісту даверылі кіраўніцтва Востраўскім лясніцтвам. Кацярына Бародзіч вярнулася ў знаёмыя з дзяцінства мясціны, каб ахоўваць, прымнажаць і берагчы.

Ляснічы не «начальнік над лесам», а хутчэй – гаспадар. Ёй знаёмыя кожнае дрэва, сцежка, паварот, і яна добра ведае, дзе якая паляна, які лес мае патрэбу ў прачыстцы, а які – у ахове.


І не толькі ведае – жыве гэтым. За рулём «Нівы» ляснічы за дзень накручвае не адзін дзясятак кіламетраў. А калі заходзіш у двор лясніцтва, адразу відаць: усё тут зроблена з душой і сваімі рукамі. Кацярына разам з калегамі клапоціцца, каб тэрыторыя лясніцтва была адметнай візітнай карткай. І на гэта варта паглядзець! Лясніцтва забяспечвае пасадачным матэрыялам не толькі сябе, але і суседнія лясніцтвы. Сёння ў цяпліцы расце больш за 100 тысяч сеянцаў сасны.
Плануюць пасеяць і насенне бярозы. Гэта будучыня лесу.
Любоў да лесу, павагу да прыроды ляснічы Кацярына Бародзіч імкнецца перадаць і падрастаючаму пакаленню. У яе роднай Востраўскай СШ дзейнічае школьнае лясніцтва «Зялёны астравОК», і работнікі лясніцтва ўводзяць юных лесаводаў у прафесію, разам прымаюць удзел у шматлікіх акцыях па прымнажэнні лясных багаццяў. Адным з чарговых прафарыентацыйных урокаў стаў прэс-тур, арганізаваны для навучэнцаў пяці школ раёна, якія знаходзяцца
або мяжуюць з Востраўскім лясніцтвам: Востраўская СШ і іх школьнае лясніцтва «Зялёны астравОК», Тухавіцкая і Малагарадзішчанская СШ, Крывошынская СШ імя Г. С. Здановіча і Ліпская СШ імя А. І. Малевіча.
Сярод гасцей – і прадстаўнікі СМІ. Дзецям і дарослым паказалі, як тушыць пажары, вырошчваць саджанцы, адрозніваць пароды дрэў. На тэрыторыі лясніцтва ўзвышаецца пажарна-назіральная вышка, на якой раней дзяжурыў пажарны вартаўнік, а сёння – тэхналогіі. Востраўскае лясніцтва, як і іншыя, абсталявана сістэмай відэаназірання. Камеры дазваляюць дакладна вызначыць
каардынаты дыму і бачыць усю тэрыторыю на маніторы. На
бяспеку працуе і аўтаматыза-
ваная сістэма дыстанцыйнага маніторынгу «Лясны вартаўнік». Усё ў дзеянні ўбычылі і госці. Прымерылі таксама баявую
вопратку, прайшлі па экалагічнай сцежцы «Шушанскі лес» і пакаштавалі мёд з мясцовага пчальніка, які здабывае пчаляр-прафесіянал Іван Навумчык.
– Галоўная мэта прэстура – паказаць прыгажосць бела-
рускага лесу і разбурыць стэрэатып, што даглядаць лес – мужчынская справа. У Год беларускай жанчыны вельмі сімвалічна гучыць пасада ляснічага, якую больш за чатыры гады паспяхова займае Кацярына Бародзіч. Прафесійным прыкладам і ўменнямі яна пераконвае: ляснічы – гэта сучасна, адказна і вельмі цікава. У любой справе галоўнае не прыналежнасць да полу, а талент, адказнасць і любоў да таго, што робіш,
– адзначае кіраўнік Ляхавіцкага лясгаса Мікалай Гіль.
Падчас прэс-тура гасцям прэзентавалі і новы турыстычны маршрут, які праходзіць, у тым ліку, праз экалагічную сцежку «Шушанскі
лес» і запрасілі ўсіх жадаючых натхніцца ляснымі краявідамі.

Наталля Перапечка.