Невядомае пра вядомае. Як супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы Ляхавіччыны ствараюць інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх можна пазнаёміцца з багатай спадчынай раёна
Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы Ляхавіччыны ствараюць інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх можна пазнаёміцца з багатай спадчынай раёна.
Краязнаўчая скарбонка Ляхавіччыны багатая. А гісторыя роднага краю цікавіць не толькі сённяшніх жыхароў раёна, але і землякоў, якія
зараз жывуць у іншай мясцовасці, захапляе яна і тых, хто чуў, чытаў, ведае пра Ляхавіччыну ад родных, знаёмых.
– Назіраецца ўстойлівы попыт да краязнаўчай інфармацыі. У сучасных рэаліях многія знаходзяць інфармацыю на інтэрнэт-прасторы. Задавальненне такога попыту ўскладняецца шэрагам аб’ектыўных фактараў, галоўны з якіх – дэфіцыт даступных і актуальных крыніц. Таму збор, захаванне і распаўсюджванне інфармацыі пра наш рэгіён складаюць аснову сучаснай краязнаўчай работы, якую праводзяць бібліятэкары Ляхавіччыны, – расказвае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч.
Адным з важных этапаў лічбавай трансфармацыі бібліятэчнай дзейнасці стала стварэнне спецыялізаваных электронных баз даных.
Першы маштабны праект у гэтым накірунку – база даных «Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна». Створаная база структурыравана па 20 тэматычных раздзелах, якія ахопліваюць асноўныя аспекты ваеннага перыяду: першыя баі, партызанскі рух, падпольная работа, вызваленне раёна і г. д. Потым пералік электронных краязнаўчых прадуктаў пашырыўся, у яго ўвайшлі «Ляхавіцкая фартэцыя», «Культурнае жыццё Ляхавіччыны», «Літаратурнае жыццё Ляхавіччыны», «Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем» і іншыя. Усе рэсурсы знаходзяцца ў рэжыме
пастаяннага папаўнення.
– Нашай бібліятэчнай сістэмай ініцыявана стварэнне прынцыпова новых інфармацыйных прадуктаў. Адзін з якіх – база даных «Вытокі: гісторыя вёсак Ляхавіцкага раёна». Тут акумулююцца звесткі пра ўсе сельскія населеныя пункты раёна, у тым ліку маланаселеныя (да 50 жыхароў) і страчаныя. Узгадаю яшчэ адзін значны праект – базу даных, што стваралася больш за два гады, – «Зямля яднае і ўзбагачае: гісторыя сельскіх гаспадарак Ляхавіччыны».
Праект утрымлівае звесткі пра ўсе сельгаспрадпрыемствы, створаныя на Ляхавіччыне ў перыяд з пачатку калектывізацыі да сённяшняга часу. Асаблівасцю рэсурсу з’яўляецца інтэрактыўная «Стужка часу». У фонд базы ўключаны ўнікальныя дакументы: заява аб уступ-
ленні ў калгас «Іскра», датаваная 1949 годам, – расказвае
Вольга Пляшэвіч.
База даных «Духоўная спадчына Ляхавіччыны» ахоплівае рэлігійную адметнасць рэгіёна. Сюды ўключаны раздзелы «Цэрквы», «Касцёлы», «Мячэці», «Сінагогі», «Іконы», «Святыя навамучанікі», «Рэлігійныя артэфакты».
Бібліятэчныя работнікі не спыняюцца на дасягнутым і ствараюць уласныя інтэлектуальныя прадукты. Да ліку лепшых электронных выданняў адносяцца: навуковапазнавальны электронны рэсурс «Невядомае аб вядомым: цікавыя факты пра Ляхавіччыну», віртуальны даведнік «Вуліцы нашага горада», тапанімічны слоўнік «Мова маёй зямлі», інтэрактыўны рэсурс «Мястэчка Востраў: 500 гадоў гісторыі».
– Сёння пазнаёміцца з культурнымі экспазіцыямі можа карыстальнік у любой кропцы свету. Дастаткова мець доступ да афіцыйнага сайта арганізацыі. Мае калегі з’яўляюцца аўтарамі такіх віртуальных выстаў. Адна з іх – «Літаратурнае слова Ляхавіччыны», прысвечаная творчасці пісьменнікаў – ураджэнцаў Ляхавіцкага раёна
ці тых творцаў, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з нашым раёнам. А выстава «Жамчужыны духоўнай скарбонкі Падлесся» прадастаўляе магчымасць кожнаму самастойна атрымаць інфармацыю пра культавыя аб’екты аграгарадка Падлессе», – удакладняе Вольга Пляшэвіч.
З 2021 года на афіцыйным сайце Ляхавіцкай бібліятэчнай сістэмы праводзіцца віртуальная акцыя «Гісторыя Перамогі ў асобах». На своеасаблівай алеі памяці размешчаны партрэты
нашых землякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу з кароткай інфармацыяй. На сёння фотагалерэя налічвае
147 партрэтаў, і выстава пастаянна папаўняецца.
Як адзначыла загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Цімашок, у межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Культурная прастора» на 2026–2030 гады, адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці бібліятэчнай дзейнасці з’ўляецца колькасць наведванняў, у тым ліку віртуальных.
Штогадовая аўдыторыя афіцыйнага сайта Ляхавіцкай ЦБС налічвае больш за 40 тысяч карыстальнікаў. І гэта яскравае сведчанне запатрабаванасці лічбавага фармату.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

